Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка інфармуе

12 снежня 2022

У суткі 11-12 снежня 2022 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з-за неспрыяльных умоў надвор'я метэаролагамі быў абвешчаны «аранжавы ўзровень небяспекі». Мяцеліца, мокры снег, «ледзяны» дождж і парывісты вецер прывялі да абледзянення правадоў (больш за 2 см) і падзення дрэў на аб'екты чыгуначнай інфраструктуры, што стала прычынай адключэння ліній электразабеспячэння на асобных участках Беларускай чыгункі. Усяго зафіксавана больш за 1200 падзенняў дрэў. Агульная працягласць участкаў, на якіх былі адзначаны збоі ў электразабеспячэнні і работы сродкаў сігналізацыі і сувязі, склала каля 140 км. Таксама назіралася абледзяненне токапрыёмнікаў электрарухомага саставу.

Пацярпелых і пашкоджанняў рухомага саставу не зафіксавана.

Разам з тым, у гэты перыяд больш за 50 пасажырскіх цягнікоў рухаліся з адхіленнем ад устаноўленага графіка руху. Затрымка склала ад 15 хвілін да 5 гадзін. Таксама былі зафіксаваны затрымкі ў руху грузавых цягнікоў на электрацязе.

Беларуская чыгунка прымала максімальна магчымыя меры па скарачэнні затрымак цягнікоў і ўводу іх у графік руху. Пры неабходнасці для арганізацыі праследавання праблемных участкаў электрарухомым саставам былі задзейнічаны цеплавозы і іншы рухомы састаў для дастаўкі пасажыраў у канчатковыя пункты іх руху.

Да аварыйна-аднаўленчых работ былі прыцягнуты больш за 600 работнікаў беларускай магістралі, задзейнічана 20 адзінак спецыяльнай тэхнікі, 5 снегаўборачных машын.

Работы па ліквідацыі наступстваў неспрыяльных умоў надвор'я на Беларускай чыгунцы працягваюцца.

Акрамя таго, арганізавана ачыстка пасажырскіх платформаў і прылеглай тэрыторыі чыгуначных вакзалаў ад снегу, пасыпка іх пясчана-саляной сумессю.

Беларуская чыгунка прыносіць прабачэнні пасажырам за прычыненыя нязручнасці і просіць з разуменнем аднесціся да сітуацыі, якая склалася.

У адпаведнасці з Правіламі перавозак пасажыраў, багажу і грузабагажу чыгуначным транспартам агульнага карыстання па пытаннях вяртання і кампенсацыі кошту праезду ў сувязі са спазненнем цягнікоў неабходна звяртацца ў білетныя касы БЧ.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2022 год