На Беларускай чыгунцы адбыўся конкурс па інтэлектуальных гульнях сярод моладзевых каманд аддзяленняў
24 лістапада 2017
23 лістапада на базе Культурна-спартыўнага цэнтра Віцебскага аддзялення прайшоў конкурс па інтэлектуальных гульнях сярод моладзевых каманд аддзяленняў, прысвечаны 155-годдзю Беларускай чыгункі.
У конкурсе прынялі ўдзел 6 каманд аддзяленняў, якія складаюцца з працаўнікоў беларускай магістралі ва ўзросце да 31 года. Моладзь паказала свае творчыя і інтэлектуальныя здольнасці на 6 этапах: «Візітнай картцы «Рамантыкі жалезнай магістралі» ,«Інтэлектуальнай размінцы «Гульні розуму», этапах «Надзейны шлях — чыгунка», «2017 — год навукі ў Беларусі», «155 — гэта толькі пачатак … Няхай у будучыню цягнікі бягуць …» і «Інтэлектуальнай краме». Акрамя агульнай эрудыцыі каманды прадэманстравалі свой інтэлект як у прафесійнай вобласці, паспаборнічаўшы у ведах Правілаў тэхнічнай эксплуатацыі, інструкцыі па сігналізацыі, інструкцыі па руху цягнікоў і манеўровай працы і правілаў па ахове працы на Беларускай чыгунцы, так і ў веданні гісторыі Беларускай чыгункі. Сімвалічна, што гэты конкурс адбыўся ўжо ў 10-ы раз і праведзены ў год 155-годдзя галіны.
Па выніках удзелу ў конкурсе 1 месца прысуджана камандзе УП «Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі», 2 месца — камандзе РУП «Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі» і 3 месца — камандзе РУП «Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі».
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2017 год