Беларуская чыгунка запрашае паслухаць беларускую паэзію на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі
21 лютага 2019
21 лютага на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі пройдзе канцэрт ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Сумесны літаратурна-музычны праект арганізаваны ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і Беларускай чыгункай. Мерапрыемства праходзіць у рамках Года малой радзімы, а таксама Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.
На працягу гадзіны з 14.00 да 15.00 у зале чакання Канкорс на трэцім паверсе вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі госці і жыхары сталіцы адправяцца ў літаратурна-музычнае падарожжа з удзелам знакамітых беларускіх паэтаў, бардаў, кампазітараў і змогуць далучыцца да беларускіх вытокаў, адчуць прыгажосць, меладычнасць і каларыт беларускага мастацкага слова.
Перад пасажырамі выступяць: лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва Алег Елісеенкаў, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Рэспублікі Беларусь, паэт Мікола Мятліцкі і лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь паэт Міхась Пазнякоў. Таксама заслужаная артыстка Беларусі Ніна Брынковіч, беларуская паэтэса Таццяна Дашкевіч, беларускі бард Генадзь Парыкін, кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок.
У ролі вядучай выступіць першы намеснік старшыні саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.
Даведачна: 17 лістапада 1999 года Генеральная канферэнцыя ЮНЕСКА абвясціла 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы. Першыя ўрачыстасці прайшлі ў 2000 годзе. Свята мае свае традыцыі. У гэты дзень арганізуюць асветніцкія лекцыі, конкурсы, канферэнцыі, семінары, святочныя канцэрты.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2019 год