Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

22 студзеня Беларуская чыгунка абмеркавала арганізацыю кантэйнерных перавозак па маршруце Мінск—Баку

22 студзеня 2019

22 студзеня 2019 г. у Упраўленні Беларускай чыгункі прайшоў Круглы стол на тэму: «Экспартны патэнцыял Рэспублікі Беларусь пры арганізацыі кантэйнерных перавозак у зносінах з Азербайджанскай Рэспублікай».

Беларуская чыгунка арганізавала мерапрыемства з мэтай прыцягнення дадатковых аб'ёмаў грузаў у зносінах Беларусь—Азербайджан, а таксама па пытанні развіцця міжнароднага транспартнага калідора «Поўнач—Поўдзень».

У працы Круглага стала прынялі ўдзел першы намеснік Начальніка Беларускай чыгункі Ігар Шылаў, прадстаўнікі чыгуначных адміністрацый Расіі і Азербайджана, пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь, а таксама органаў дзяржаўнага кіравання і арганізацый Рэспублікі Беларусь, сярод якіх Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, канцэрны «Белнафтахім», «Беллегпрам», «Беллеспаперапрам», ААТ «Мінскі трактарны завод», ААТ «Беларускі металургічны завод», ААТ «Беларуская лясная кампанія», ААТ «Керамін», ААТ «Бярозабудматэрыялы», ЗАТ «Мяса-малочная кампанія», ААТ «Нафтан» і шэраг іншых.

У прывітальным слове да ўдзельнікаў мерапрыемства Ігар Шылаў адзначыў пазітыўную дынаміку адносін паміж Беларуссю і Азербайджанам і стварэнне ўмоў для бізнес-супольнасці па экспарту беларускай прадукцыі чыгуначным транспартам у Азербайджан. Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу на развіцці паставак беларускай прадукцыі ў кантэйнерах. Актуальнасць развіцця гэтых перавозак пацвярджаецца іх ростам у цэлым больш чым на 26% за 2018 год.

Асаблівую ўвагу Ігар Шылаў звярнуў на сумесны праект Беларускай, Расійскіх і Азербайджанскай чыгунак — цягнік Мінск—Баку. Гэты праект дасць магчымасць у самыя кароткія тэрміны (7 сутак) і па канкурэнтных тарыфах дастаўляць грузы, што вырабляюцца ў Беларусі, у Азербайджанскую Рэспубліку.

У рамках работы Круглага стала ўдзельнікам была прадстаўлена прэзентацыя дзяржаўнага прадпрыемства «Белінтэртранс — транспартна-лагістычны цэнтр» Беларускай чыгункі і выказаны прапановы па арганізацыі дастаўкі грузаў з выкарыстаннем транспартна-лагістычнага тэрмінала Калядзічы.

Намеснік начальніка Цэнтра фірмовага транспартнага абслугоўвання ААТ «РЖД» Аляксандр Хацьянаў адзначыў станоўчую дынаміку па арганізацыі перавозкі грузаў, якая існуе паміж БЧ і ААТ «РЖД» і праінфармаваў аб папярэдне праведзенай рабоце па арганізацыі праекта. Ён таксама падкрэсліў, што Расійскія чыгункі падтрымліваюць даверныя адносіны з чыгуначнымі адміністрацыямі Беларусі і Азербайджана. Сумесна распрацаваны графік руху кантэйнернага цягніка, які прадугледжвае яго транзіт па тэрыторыі Расіі не больш за 4,5 сутак. Пры гэтым ён дадаў, што ў праекта Мінск—Баку вялікі патэнцыял і выказаў гатоўнасць аказваць садзейнічанне ў фарміраванні эканамічных і тэхналагічных рашэнняў праекта з выкарыстаннем інфраструктуры Расійскіх чыгунак.

У ходзе сустрэчы намеснік Старшыні ЗАТ «Азербайджанскія чыгункі» Ігбал Гусейнаў таксама запэўніў удзельнікаў Круглага стала пра гатоўнасць аказваць усялякае садзейнічанне развіццю праекта, у тым ліку яго канкурэнтаздольнасці з альтэрнатыўнымі відамі транспарту.

Удзельнікі Круглага стала абмеркавалі прапановы па арганізацыі цягніка Мінск—Баку і выказалі зацікаўленасць у прадстаўленым праекце з улікам інфармацыі пра тэрміны дастаўкі, кошту перавозкі, яе канкурэнтаздольнасці, а таксама адзначылі неабходнасць далейшай прапрацоўкі са сваімі грузаатрымальнікамі пытанняў развіцця праекта.

Акрамя таго, прадстаўнікі БЧ праінфармавалі, што ў склад кантэйнернага цягніка ў Азербайджан могуць ўключацца розныя тыпы кантэйнераў: рэфрыжэратарныя, універсальныя і танк-кантэйнеры.

У ходзе Круглага стала таксама адбылося абмеркаванне пытання па перавозках грузаў у рамках развіцця МТК «Поўнач-Поўдзень».

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2019 год