Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка нагадвае грамадзянам аб захаванні правіл бяспекі на аб'ектах чыгуначнага транспарту

09 кастрычніка 2018

За 9 месяцаў гэтага года на Беларускай чыгунцы адбылося 86 выпадкаў невытворчага траўматызму, што на 7 выпадкаў менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (у 2017 годзе — 93, у 2018 годзе — 86 выпадкаў), колькасць пацярпелых скарацілася на 9 чалавек (з 95 да 86), сярод іх — 4 непаўналетнія.

36 чалавек або 42% ад агульнай колькасці пацярпелых знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Таксама зафіксаваны 1 выпадак траўміравання токам кантактнай сеткі.

Асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў па-ранейшаму застаецца ігнараванне людзьмі элементарных мер бяспекі. У прыватнасці, знаходжанне ў зоне падвышанай небяспекі ў стане алкагольнага ап'янення, размовы па мабільным тэлефоне, знаходжанне ў навушніках пры пераходзе чыгуначных пуцей, парушэнне вадзіцелямі правілаў дарожнага руху пры перасячэнні чыгуначных пераездаў, пераход чыгуначных пуцей у неўсталяваным месцы і т. д.

Беларуская магістраль надае вялікую ўвагу забеспячэнню бяспекі на аб'ектах чыгуначнага транспарту.

У мэтах прафілактыкі траўміравання непаўналетніх і недапушчэння транспартных правапарушэнняў БЧ рэгулярна праводзіць тэматычныя акцыі і рэйды на аб'ектах чыгуначнага транспарту.

Акрамя таго, з мэтай забеспячэння грамадскага парадку і папярэджання правапарушэнняў на Беларускай чыгунцы дзейнічаюць добраахвотныя дружыны, якія ахопліваюць 114 арганізацый БЧ і іх адасобленых структурных падраздзяленняў, агульная колькасць членаў у якіх складае больш за 700 чалавек.

Таксама ў студзені—верасні 2018 года работнікамі БЧ праведзены 669 выступленняў у працоўных калектывах і ва ўстановах адукацыі па пытаннях выканання правілаў бяспекі на чыгуначным транспарце, якімі ахоплены больш за 22 тыс. грамадзян, з якіх каля 18 тыс. — непаўналетнія. На вакзалах, у пасажырскіх цягніках арганізавана дадатковае інфармаванне грамадзян аб мерах бяспекі пры знаходжанні на аб'ектах чыгуначнага транспарту, работнікамі дарогі распаўсюджаныя больш за 10 тыс. прафілактычных памятак і лістовак.

Беларуская чыгунка ў чарговы раз звяртае ўвагу на тое, што тармазны шлях цягніка складае больш за 1 кіламетр. Акрамя таго, пры руху з хуткасцю 100—120 км/гадзіну за 1 секунду ён пераадольвае 33 метры, а пешаходу каб перайсці чыгуначны пуць, патрабуецца не менш за 5—6 секунд.

Будзьце ўважлівыя на аб'ектах чыгуначнага транспарту! Памятаеце, што захаванне простых правіл бяспекі можа захаваць жыццё вам і вашым блізкім.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2018 год