Беларуская чыгунка прапануе новыя IT-рашэнні ў галіне беспапяровых чыгуначных перавозак — СМС-апавяшчэнні
07 сакавіка 2018
Беларуская чыгунка прыступіла да прамысловага тэсціравання новага функцыяналу аўтаматызаванай сістэмы «Электронная перавозка» (АС «Электронная перавозка») — СМС-апавяшчэнні аб змене статусу юрыдычна значных электронных перавозачных і тэхналагічных дакументаў.
Гэта з'яўляецца чарговым крокам беларускай магістралі па развіццю IT-інструментаў комплекснага транспартнага абслугоўвання і павышэнню мабільнасці беспапяровых чыгуначных перавозак.
Карыстальнікам добра знаёма кліенцкая праграма «Асістэнт ЭП», якая дае магчымасць аператыўна атрымліваць паведамленні аб неабходнасці здзяйснення аперацый з электроннымі дакументамі ці дакументаванай інфармацыяй у працэсе рэалізацыі тэхналогій грузавой і камерцыйнай працы чыгуначнага транспарту.
Галоўная перавага новага функцыяналу СМС-апавяшчэнняў — магчымасць аператыўна атрымліваць паведамленні без прывязкі да стацыянарнага працоўнага месца, а таксама мабільнасць для кліентаў чыгуначнага транспарту: экспедытараў, спецыялістаў, якія працуюць з аператыўнымі тэхналагічнымі дакументамі на этапе ўзгаднення пагрузкі, выдачы грузу і г. д.
Прымяняць новы функцыянал могуць усе зарэгістраваныя карыстальнікі АС «Электронная перавозка», як рэзідэнты, так і нерэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Падключэнне да контуру СМС-апавяшчэнняў ажыццяўляецца ў web-сэрвісе «Асабісты кабінет» з дапамогай свайго носьбіта ключа ЭЛП у абароненай вобласці карыстальніка. Усе неабходныя пакрокавыя інструкцыі знаходзяцца ў інтэрактыўных кіраўніцтвах АС «Электронная перавозка» і web-сэрвіса «Асабісты кабінет».
Важна, што выкарыстанне СМС-апавяшчэнняў не запатрабуе дадатковай аплаты за паслугі АС «Электронная перавозка».
Беларуская чыгунка прапануе прымяняць новы функцыянал і гатова выслухаць усе пажаданні і прапановы па каналах зваротнай сувязі, указаных на сайце Цэнтра абароны інфармацыі Беларускай чыгункі: www.isc.by.
Прэзентацыя дадзенай распрацоўкі прадугледжана таксама ў рамках Міжнароднай канферэнцыі «Рынак чыгуначных паслуг: лагістыка, экспедзіраванне, тарыфы», якая пройдзе ў Мінску 13—14 сакавіка. Сярод удзельнікаў канферэнцыі прадстаўнікі чыгуначных адміністрацый, дзяржаўных органаў, транспартна-экспедытарскіх арганізацый, еўрапейскіх чыгуначных перавозчыкаў, грузаўладальнікаў, уласнікаў вагонаў.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2018 год