Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

На Беларускай чыгунцы ўзнагародзілі лепшых па прафесіі

24 красавіка 2024

23 красавіка 2024 года напярэдадні Свята працы традыцыйна ў Мінскім Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў чыгуначнага конкурсу «Лепшы па прафесіі на чыгуначным транспарце» і галіновага спаборніцтва за 2023 год.

Заслужаныя ўзнагароды былі ўручаны 128 прадстаўнікам чыгуначных прафесій і спецыяльнасцяў з 12 гаспадарак беларускай магістралі. Гэта цягніковыя дыспетчары і дзяжурныя па станцыі, машыністы лакаматываў і іх памочнікі, білетныя касіры і праваднікі пасажырскіх вагонаў, брыгадзіры і дарожныя майстры, слесары па рамонце рухомага саставу, манцёры пуці, электраманцёры, энэргадыспетчары і інш.

Беларуская чыгунка адна з нямногіх арганізацый Рэспублікі Беларусь, дзе працуюць работнікі больш чым 300 розных прафесій і спецыяльнасцяў.

Узнагароджваючы пераможцаў конкурсу «Лепшы па прафесіі на чыгуначным транспарце», Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў адзначыў, што дзякуючы людзям працы, чыгуначны транспарт заўсёды быў і застаецца ў нашай краіне самым надзейным, запатрабаваным і даступным.

«Ад выніку працы кожнага чыгуначніка на сваім працоўным месцы залежыць поспех усяго калектыву магістралі, таму так важна працаваць добрасумленна і згуртавана, а ў Год якасці накіраваць усе нашы намаганні на павышэнне эфектыўнасці працы і дасягненне максімальнага выніку».

Ён падзякаваў чыгуначнікам за прафесіяналізм, адданасць справе і вернасць традыцыям.

Цёплыя словы віншаванняў пераможцам адрасавала і намеснік старшыні Аб'яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Алена Кірэня. Яна пажадала работнікам беларускай магістралі моцнага здароўя, поспехаў у працы, годнай заработнай платы і мірнага неба над галавой.

Трэба адзначыць, што на Беларускай чыгунцы ў мэтах дадатковага стымулявання вынікаў працы і ініцыятывы работнікаў заснаваны новы нагрудны знак «Лепшы па прафесіі». У гэтым годзе ён упершыню быў уручаны пераможцам чыгуначнага конкурсу.

Акрамя таго, у рамках урачыстай цырымоніі адбылося ўзнагароджанне лепшых калектываў аддзяленняў магістралі, унітарных прадпрыемстваў, структурных падраздзяленняў, даччыных прадпрыемстваў аддзяленняў чыгункі – пераможцаў галіновага спаборніцтва за 2023 год.

Па выніках галіновага спаборніцтва заслужаныя ўзнагароды былі ўручаны калектывам Гомельскага, Баранавіцкага і Віцебскага аддзяленняў Беларускай чыгункі.

Сярод унітарных прадпрыемстваў дыпломамі пераможцаў галіновага спаборніцтва былі адзначаны калектывы УП «БЕЛЖЭЛДОРСНАБ», дзяржаўных прадпрыемстваў «БТЛЦ» і «Рэмпуть Беларускай чыгункі».

Таксама ў рамках мерапрыемства быў узнагароджаны 21 лепшы калектыў структурных падраздзяленняў, даччыных прадпрыемстваў арганізацый беларускай магістралі.


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2024 год