Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Ігар Камароўскі выбраны старшынёй Аб'яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў

24 красавіка 2024

22 красавіка 2024 года ў Мінскім Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў адбыўся VI Пленум камітэта Аб'яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў.

У яго рабоце прынялі ўдзел генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў чыгуначнікаў (МКПЖ) Генадзь Касалапаў, сакратар Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ганна Варфаламеева, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў транспарту і камунікацый Уладзімір Фёдаравіч, а таксама Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў.

Найважнейшым пытаннем парадку дня Пленума стала выбранне старшыні Дарпрафсожа ў сувязі з выхадам Віктара Міхайлавіча Какоры на заслужаны адпачынак.

Новую кандыдатуру – Ігара Сяргеевіча Камароўскага – прадставіў Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў.

Ігар Сяргеевіч скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Сваю працоўную дзейнасць пачынаў на Мінскім вагонарамонтным заводзе, дзе прайшоў шлях ад інжынера-канструктара да кіраўніка прадпрыемства. Двойчы выбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дзе ўзначальваў Пастаянную камісію па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі.

Прадстаўляючы кандыдата на гэтую важную пасаду, Уладзімір Марозаў асабліва адзначыў яго глыбокія прафесійныя веды і вопыт, аналітычныя і арганізатарскія здольнасці, якія змогуць паслужыць на карысць стальной магістралі. Аднагалосным рашэннем Пленума Ігар Камароўскі быў выбраны новым старшынёй Дарпрафсожа. Ён падзякаваў дэлегатам Пленума за аказаны давер, адзначыўшы, што гэта высокі гонар і велізарная адказнасць. «Разумею, што прафсаюзная арганізацыя – гэта не толькі самае шматлікае аб'яднанне працоўных, але і найважнейшы суб'ект грамадзянскай супольнасці, які валодае ярка выяўленай палітычнай скіраванасцю і выразна пазначанай грамадзянскай пазіцыяй», – падкрэсліў Ігар Камароўскі. Ён таксама адзначыў, што ў эпоху глабальных геапалітычных і сацыяльна-эканамічных ваганняў прафсаюзы адыгрываюць ролю надзейнага сейсмаўстойлівага фундамента і праверанага рупара, які даносіць голас чалавека працы да тых, для каго ён важны, і нават да тых, хто не жадае яго чуць. «Перакананы, што разам мы пераадолеем усе выпрабаванні, справімся з выклікамі і пагрозамі», – падкрэсліў новы лідар галіновага прафсаюза.

У завяршэнне мерапрыемства за шматгадовую добрасумленную працу і вялікі ўклад ва ўмацаванне сацыяльнага партнёрства Віктару Какора была ўручана ўзнагарода Беларускага прафсаюза работнікаў транспарту і камунікацый – нагрудны знак адрознення «За заслугі», а Уладзіміру Марозаву – вышэйшая ўзнагарода Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Прафсаюзны знак пашаны».


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2024 год