Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка далучаецца да святкавання Міжнароднага дня музеяў

19 мая 2023

18 мая 2023 года музеі Беларускай чыгункі ў Брэсце і Баранавічах прымуць удзел у акцыі «Ноч музеяў». У музеі чыгункі ў горадзе Баранавічы наведвальнікаў чакаюць з 18.00 да 22.00, музей чыгуначнай тэхнікі ў горадзе Брэсце прадоўжыць свой звыклы рэжым работы да 22.00.

Для наведвальнікаў будуць арганізаваны групавыя экскурсіі, а таксама прадугледжана правядзенне культурна-забаўляльнай праграмы з пазнавальнымі квэстамі і гульнямі.

Музей чыгункі ў горадзе Баранавічы ўяўляе сабой экспазіцыю гісторыі развіцця чыгуначнага транспарту і экспазіцыю чыгуначнай тэхнікі пад адкрытым небам. У залах музея прадстаўлены этапы станаўлення і развіцця чыгуначнага транспарту. Праз гістарычныя дакументы, фотаматэрыялы, натурныя і аб'ёмныя экспанаты, макеты тэхнікі, карціны, чыгуначную форму і іншыя музейныя прадметы прасочваецца мінулае і сучаснасць, работа і побыт чыгуначнікаў.

Аснову экспазіцыі пад адкрытым небам складаюць сапраўдныя ўзоры чыгуначнай тэхнікі.

Кожны экспанат музея (многія з іх адноўлены дзякуючы намаганням чыгуначнікаў і ветэранаў Баранавіцкага аддзялення, жыхароў горада Баранавічы) уяўляе несумненную цікавасць не толькі для прафесіяналаў, але і для аматараў гісторыі.

Усяго ў музеі размешчана больш за 700 экспанатаў.

Музей размешчаны па адрасе: г. Баранавічы, вуліца Фралянкова, 19.

Адзін з найбуйнейшых музеяў Беларускай чыгункі размешчаны ў горадзе Брэсце. Яго плошча складае каля 30 тыс. м2. Экспазіцыя прадстаўлена на трох пуцях даўжынёй больш за 1000 метраў.

У музеі пад адкрытым небам сабрана больш за 50 адзінак узораў чыгуначнай тэхнікі.

Павышаную цікавасць у наведвальнікаў выклікае паравоз серыі ЭР у разрэзе, на якім умоўна прадстаўлена цыркуляцыя вады, гарачых газаў, насычанай пары, перагрэтай пары і адпрацаванай пары.

Таксама ў адным з паравозаў абсталявана топка з імітацыяй палаючага вугалю, дыму з трубы, гукавога сігналу і падсветкай.

За апошнія гады многія з натурных экспанатаў былі абноўлены на прадпрыемствах Брэсцкага чыгуначнага вузла.

Дадаткам да натурнай экспазіцыі пад адкрытым небам стаў выставачны павільён, пабудаваны ў 2018 годзе ў ходзе рэканструкцыі музея чыгуначнай тэхнікі. У новай выставачнай зале плошчай 130 м2 прадстаўлены гістарычныя і тэматычныя раздзелы. Тут можна ўбачыць стылізаваныя макеты вакзалаў абласных цэнтраў рэспублікі, пазнаёміцца з храналогіяй развіцця чыгуначнай сеткі Беларусі. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць экспазіцыі лёгка абнаўляцца. У павільёне ўстаноўлена інфармацыйна-даведачная сэнсарная панэль. Таксама сучасным музейным стандартам адпавядае пакрыццё выставачнай залы сеткай Wi-Fi.

Музей знаходзіцца па адрасе: г. Брэст, пр. Машэрава, 2, побач з сусветна вядомым Мемарыяльным комплексам «Брэсцкая крэпасць – герой».

Беларуская чыгунка надае вялікую ўвагу захаванню сваёй багатай гістарычнай і культурнай спадчыны, патрыятычнаму выхаванню моладзі.

У цяперашні час на Беларускай чыгунцы дзейнічае 9 музеяў, 18 пакояў баявой і працоўнай славы (пакояў гісторыі), 2 залы гісторыі (залы працоўнай славы), якія ў 2022 годзе наведалі амаль 80 тысяч чалавек. Музейны фонд складае звыш 52 тысяч адзінак захоўвання.

На тэрыторыі Беларускай чыгункі размешчаны больш за 200 памятных месцаў, прысвечаных гісторыі чыгуначнага транспарту і гераічнаму мінуламу нашага народа ў гады ваенных ліхалеццяў. Работнікі БЧ ажыццяўляюць за імі пастаянны догляд і падтрымліваюць у належным эстэтычным стане.

Беларуская чыгунка запрашае ўсіх жадаючых акунуцца ў гісторыю чыгункі, папоўніць свой багаж ведаў і атрымаць незабыўныя ўражанні ў музеях чыгуначнай тэхнікі.


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2023 год