Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

9 ліпеня Дзіцячай чыгунцы імя К. Заслонова спаўняецца 60 гадоў

25 чэрвеня 2015

Беларуская чыгунка ў рамках святкавання 60-годдзя Дзіцячай чыгункі запланавала правядзенне разнастайных мерапрыемстваў. З пачатку года на беларускай магістралі ўжо прайшлі спаборніцтвы прафесійнага майстэрства сярод юных чыгуначнікаў, тэматычныя віктарыны і лекцыі, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы.

Першая дэкада ліпеня будзе насычана юбілейнымі мерапрыемствамі. Да прыкладу, 1 ліпеня Беларуская чыгунка арганізуе для прадстаўнікоў СМІ прэс-тур. Журналісты пабываюць у навучальным корпусе Дзіцячай чыгункі, дзе хлопцы раскажуць, як ідзе працэс іх навучання, азнаёмяць з інфраструктурай і, вядома, запросяць журналістаў праехаць па маршруце руху цягніка.

3 ліпеня на Дзіцячай чыгунцы з 11.00 да 17.00 гадзін будзе арганізавана святочная праграма «Са святам, Беларусь!». У праграме прадугледжана выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вялікая канцэртная праграма, падрыхтаваная Мінскім Палацам культуры і спорту чыгуначнікаў.

Павіншаваць рабят з 60-годдзем Дзіцячай чыгункі і Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь прыйдуць заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь: цыркавая студыя «Белая Русь», ансамбль беларускай песні «Цернічка», ансамбль эстраднага танца «Гарэзлівыя агеньчыкі». А таксама народны ансамбль танца «Маладзік», узорны ансамбль народнай песні «Валошкі», моладзевы вакальны ансамбль і дзіцячы вакальны ансамбль «Зорачкі» і іншыя калектывы.

 

Госці свята прымуць удзел у разнастайных гульнях, конкурсах, віктарынах.

Непасрэдна ў дзень юбілею — 9 ліпеня — у Мінскім Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 60-годдзю Дзіцячай чыгункі. У ім возьмуць удзел юныя чыгуначнікі і былыя выпускнікі ДЧ, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, а таксама дэлегацыі дзіцячых чыгунак Расіі і Украіны. Павіншаваць выхаванцаў Дзіцячай чыгункі з гэтай знамянальнай падзеяй плануюць Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў і кіраўніцтва Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Мерапрыемствы, прысвечаныя 60-годдзю Дзіцячай чыгункі, будуць праводзіцца да канца года. Так, у жніўні на Дзіцячай чыгунцы прадугледжана выстава чыгуначнага мадэлявання. У верасні Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі сумесна з Беларускім прафесійным саюзам чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў плануе арганізаваць фотаконкурс, прысвечаны 60-годдзю Дзіцячай чыгункі. У снежні плануецца арганізацыя праекта «Навагодні экспрэс».

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2015 год