Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Пасяджэнне Працоўнай групы Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў-удзельнікаў СНД па працы з моладдзю прайшло ў Брэсце

03 лістапада 2014

Прадстаўнікі чыгуначных адміністрацый Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Расіі, а таксама Дырэкцыі Савета па чыгуначным транспарце і Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў сустрэліся на базе адпачынку «Белае возера» аздараўленчага цэнтра Брэсцкага аддзялення дарогі. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік Начальніка Беларускай чыгункі Пётр Стоцкі. Удзельнікі сустрэчы падвялі вынікі працы ў 2013—2014 гг., абмеркавалі распрацоўку сумесных падыходаў, накіраваных на пасоўванне рускай мовы на прасторы СНД, правядзенне сумесных мерапрыемстваў у 2015 годзе, узаемадзеянне Працоўнай групы па працы з моладдзю з Міжнароднай канфедэрацыяй прафсаюзаў чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў, азнаёміліся з рэалізацыяй Беларускай чыгункай праграм і мерапрыемстваў у вобласці навучання, прафесійнага развіцця, аздараўлення, спорту, арганізацыі вольнага часу і іншых формаў працы з моладдзю.

 

Прадстаўнікі чыгуначных адміністрацый высока ацанілі ўзровень падрыхтоўкі і арганізацыі пасяджэння. Намеснік начальніка Дэпартамента кіравання персаналам ААТ «РЖД» Андрэй Меленцьеў падзякаваў беларускі бок за цёплы прыём і адзначыў: «Поспеху ў вытворчай дзейнасці можна дасягнуць толькі за кошт актыўнага ўзаемадзеяння і канструктыўнага дыялогу ў сацыяльнай сферы. Чыгуначнікі — гэта наш галоўны актыў, галоўны капітал, які неабходна падтрымліваць, развіваць. Калі мы тэхналогію перавозкі разам рэалізуем, то і ў гэтай частцы мы таксама павінны будаваць такое ўзаемадзеянне, якое дазволіць нам дасягаць максімальных вынікаў у вобласці вытворчай дзейнасці».

Таксама на базе «Белае возера» ўпершыню адбыўся міжнародны моладзевы спартыўны фэст чыгуначных адміністрацый, якія ўдзельнічаюць у працы Савета. Рашэнне пра яго правядзенне было прынята на папярэднім пасяджэнні Працоўнай групы ў Ерэване.

Працоўная група Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў-удзельнікаў СНД па працы з моладдзю была створана ў 2009 годзе. У 2014 годзе функцыі групы дапоўніла праца ў вобласці кадравай палітыкі.

Генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Генадзь Касалапаў адзначыў: «Якасць працы расце. Тая моладзь, якая сюды прыязджае, паднімае іншыя пытанні. Мы не павінны гуляць з моладдзю ў сталыя гульні — мы павінны вырашаць праблемы моладзі. А гэта ў першую чаргу — сацыяльная абарона, кадравая адаптацыя, кадравае пасоўванне. Прафесійны рост моладзі таксама важны. Беларускі прафсаюз чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў прымае самы актыўны ўдзел у гэтай працы».

Удзельнікі пасяджэння і моладзевага спартыўнага фэсту наведалі мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», агледзелі экспазіцыю музея чыгуначнай тэхнікі, для іх адбыўся канцэрт артыстаў Хаты культуры чыгуначнікаў Брэсцкага аддзялення. Прынята рашэнне, што наступнае пасяджэнне Працоўнай групы па працы з моладдзю пройдзе ў 2015 годзе ў Астане.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2014 год