Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

24 верасня на міжнароднай спецыялізаванай выставе «InnoTrans» у Берліне Беларуская чыгунка ўпершыню прадставіла манеўровы цеплавоз ТМЭ3

24 верасня 2014

Прэзентацыя прайшла на адкрытай пляцоўцы выставы. Для Беларускай чыгункі гэта значная падзея. Упершыню на такой буйной міжнароднай выставе транспартных тэхналогій, як «InnoTrans», беларуская магістраль прадставіла двухвосевы манеўровы цеплавоз ТМЭ3 сумеснай вытворчасці Беларускай чыгункі і кампаніі «CZ LOKO».

У прэзентацыі прынялі ўдзел Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, старшыня Праўлення, генеральны дырэктар «CZ LOKO» Йосеф Барта, прадстаўнікі шэрагу чыгуначных адміністрацый, чэшскія партнёры.

У сваім выступленнi Уладзімір Марозаў адзначыў: «Лакаматывабудаванне — новы напрамак працы для Беларускай чыгункі. Мы рады, што дзякуючы інвестыцыйным праекце з кампаніяй «CZ LOKO» у нас з'явілася магчымасць развіваць лакаматывабудаванне. У выніку сумеснай працы на вытворчых магутнасцях Беларускай чыгункі мы стварылі ТМЭ3 — перспектыўны цеплавоз з высокімі тэхнічнымі і энергазберагальнымі характарыстыкамі. Ён адрозніваецца павышанай бяспекай ў эксплуатацыі, камфортнымi ўмовамi працы лакаматыўных брыгад, сучасным дызайнам. У ТМЭ3 ўстаноўлена электронная сістэма кіравання, ужытыя сучасныя камплектуючыя кампаній «CATERPILLAR» і «SIEMENS».

 

Лакаматыў добра зарэкамендаваў сябе ў манеўровай рабоце на пад'язных пуцях прамысловых прадпрыемстваў і на станцыях. Цеплавоз ТМЭ3 паспяхова прайшоў выпрабаванні і атрымаў сертыфікат адпаведнасці міжнародным стандартам. Акрамя гэтага, беларускія лакаматывы адказваюць самым жорсткім экалагічным патрабаванням. Начальнік Беларускай чыгункі таксама адзначыў: «Выраб цеплавозаў ТМЭ3 — гэта не адзіны паспяховы праект Беларускай чыгункі з чэшскімі партнёрамі. Разам з гэтым для працы на станцыях з вялікімі аб'ёмамі перапрацоўкі грузаў мы вырабляем манеўровыя лакаматывы серый ТМЭ1 і ТМЭ2 «.

Пачынаючы з 2010 года, пры цесным узаемадзеянні з чэшскімі спецыялістамі ў лакаматыўным дэпо Ліда праведзена зборка 40 манеўровых цеплавозаў серыі ТМЭ1 і ТМЭ2 для Беларускай чыгункі. За гэты перыяд беларускія чыгуначнікі назапасілі станоўчы вопыт вытворчасці цеплавозаў серыі ТМЭ. Інавацыйныя лакаматывы займаюць годнае месца ў комплексе цягавага рухомага саставу магістралі. Выкарыстанне высокатэхналагічных цеплавозаў дазваляе павысіць эфектыўнасць перавозачнага працэсу і канкурэнтаздольнасць Беларускай чыгункі ў першую чаргу ў сферы транзітных грузаперавозак.

Што тычыцца ТМЭ3, то ў цяперашні час на беларускай магістралі ўжо эксплуатуецца 8 манеўровых цеплавозаў гэтай серыі. Да канца 2015 плануецца вырабіць яшчэ 12 лакаматываў.

«У нашых далейшых планах — выйсці з манеўровым цеплавозам ТМЭ3 на транспартны рынак краін каляіны 1520», — адзначыў Уладзімір Марозаў.

Прэзентацыя ТМЭ3 на выставе ў Берліне — гэта добрая магчымасць прарэкламаваць прадукцыю Беларускай чыгункі. Уладзімір Марозаў падзякаваў партнёрам з Чэхіі за плённае супрацоўніцтва і ўдзел у праекце і пажадаў удзельнікам выставы паспяховай працы.

Таксама ў рамках наведвання выставы дэлегацыя Беларускай чыгункі плануе правесці шэраг сустрэч з замежнымі кампаніямі-вытворцамі чыгуначнай тэхнікі і абсталявання рухомага саставу: польскай «PESA Bydgoszcz SA», швейцарскай «Stadler Rail Group», чэшскай «CZ LOKO», нямецкай «Siemens» і іншымі.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2014 год