Галоўная / Карпаратыўны / Сацыяльная сфера / Культура і спорт / Спорт / Прафесійная каманда па міні-футболе «БЧ» / XXXIII чэмпіянат па міні-футболе сярод каманд вышэйшай лігі / 2022 / Май /
Аддаючы ўсе сілы
19 мая 2022
Каманда БЧ не змагла пераадолець чвэрцьфінальны бар'ер чэмпіянату краіны і завяршыла выступленне ў сезоне.Чыгуначнікі аспрэчвалі пуцёўку ў паўфінал турніру з "Мінскам". Дзве перамогі адной з каманд гарантавалі працяг барацьбы за медалі. Наша дружына атрымала вікторыю ў першым матчы, які прайшоў у Гомелі, з лікам 5:3. Гульня была няпростай, праходзіла ў роўнай барацьбе. Сустрэча ў адказ у сталіцы таксама не абяцала лёгкай прагулкі. Мінчане былі вельмі настроены ўзяць рэванш, і ў іх гэта атрымалася. Яны адкрылі лік у матчы ўжо на 2-й хвіліне. Чыгуначнік Максім Конаў зраўняў лічбы на 7-й, рэалізаваўшы штрафны. Але яшчэ да перапынку гаспадары пляцоўкі зноў выйшлі наперад.
У другім тайме "Мінск" не зніжаў тэмп і прымусіў гасцей шмат памыляцца. У выніку чыгуначнікі прапусцілі яшчэ тры мячы. Два з іх былі забіты ў пустыя вароты - трэнерскі штаб замяніў галкіпера пятым палявым гульцом. Рызыка сябе не апраўдала. Мінчане выйгралі з лікам 5:1 і гэта азначала, што зыход серыі вырашыцца ў мінулую нядзелю ў Гомелі.
На жаль, хатнія сцены нашай камандзе не дапамаглі. Першы гол чыгуначнікі прапусцілі на 3-й хвіліне, дапусціўшы памылку ў сваёй штрафной. Гэты мяч зусім не выцякаў з логікі гульні, Тым не менш, лік быў адкрыты. Незадоўга да перапынку "Мінск" павялічыў адрыў. Гол, аддадзім належнае суперніку, атрымаўся прыгожым - пасля ўдару аднаго з гульцоў мяч уляцеў дакладна пад перакладзіну. Поспех у гэтым моманце, на жаль, быў не на баку нашай каманды. У другім тайме змяніць сітуацыю чыгуначнікі не змаглі. Яны аддалі ўсе сілы для таго, каб парадаваць балельшчыкаў, але зыход сустрэчы ўжо быў наканаваны. На апошніх секундах гаспадары прапусцілі трэці мяч - ён, як і ў Мінску, уляцеў у пустыя вароты. Выніковы лік 3:0 на карысць гасцей, і яны ў паўфінале. Кампанію ім складуць "Сталіца", "ВРЗ" і "УУС-Дынама", нечакана выбіла з барацьбы дзеючага чэмпіёна Беларусі "Вітэна".
Каманду БЧ хочацца падзякаваць за выдатны сезон, у якім было нямала яркіх матчаў. Яго кульмінацыяй можна назваць фінал Кубка Беларусі, у якім чыгуначнікі заваявалі ганаровы трафей. Больш падрабязны аналіз сезону яшчэ наперадзе. Да спісу навін за 2022 год