Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Пасля сталіцы... «Сталіца»

03 сакавіка 2022

Пераможную серыю ў прэм'ер-лізе Беларусі па міні-футболе (футзале) працягнула каманда БЧ. У 19-м туры чыгуначнікі абыгралі сталічную дружыну «Дынама-БНТУ».

Гэтая сустрэча адбылася ў Мінску. Наша каманда – лідар чэмпіянату краіны – была безумоўным фаварытам. І яна літаральна з першых секунд гульні гэта пацвердзіла. Зрэшты, гаспадары пляцоўкі спрабавалі (часам і небеспаспяхова) навязаць барацьбу. Лік на 4-й хвіліне адкрыў чыгуначнік Арчыл Себіскверадзэ. «Студэнты» не стушаваліся, і адказалі двума забітымі мячамі – на 5-й і 9-й хвілінах. Зрэшты, сваю перавагу сталічная каманда ўтрымаць не змагла – да перапынку госці не толькі зраўнялі лічбы на табло, але і выйшлі наперад. Вызначыўся Андрэй Чэрніенка (13-я і 17-я хвіліны), галамі адзначыліся таксама Арчыл Себіскверадзэ (14-я) і капітан чыгуначнікаў Канстанцін Кускоў (18-я).

Пасля перапынку гледачы ўбачылі яшчэ пяць забітых мячоў. Цікава, што на працягу адной хвіліны – 25-ы – прадстаўнік нашай каманды Артур Кандратовіч правёў мяч і ў вароты суперніка, і ў свае ўласныя (няўдала згуляў у абароне). Гэты казус нічуць не знізіў матывацыю гасцей. Яны яшчэ двойчы засмучалі галкіпера «Дынама–БНТУ» – хет-трык запісаў на свой рахунак Арчыл Себіскверадзэ (32-я), яшчэ адзін мяч забіў Георгій Цікурышвілі (35-я). Мінчане адказалі двума галамі. У выніку з лікам 8:4 упэўненую перамогу святкавала каманда БЧ.

У наступным, 20-м туры, яе чакае няпросты паядынак на хатняй пляцоўцы ў Гомелі. Чыгуначнікі згуляюць са «Сталіцай», ад якой пацярпелі адзінае паражэнне ў чэмпіянаце мінулай восенню. Ці адбудзецца рэванш? Даведаемся ўжо заўтра, сустрэча пачнецца ў 12.30. І, вядома, хварэем за нашых!

Да спісу навін за 2022 год