Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Ёсць майстэрства. Патрэбна ўдача

17 сакавіка 2022

З Гомеля – ў Гродна. Каманда БЧ у 21-м туры чэмпіянату краіны па міні-футболе (футзале) правяла сустрэчу ў горадзе на Нёмане. Супернік – "УУС–Дынама".

Чыгуначнікі ўпэўнена ўваходзяць у лік наймацнейшых каманд турніру. А вось дружына з Гродна змагаецца за трапленне ў шасцёрку лепшых, што дае права ўдзельнічаць у раўндзе плэй-оф. І сустрэчу на хатняй пляцоўцы, якая прайшла ў мінулую нядзелю, можна смела занесці ёй у актыў.

На працягу першых дзесяці хвілін, нягледзячы на багацце момантаў у абедзвюх каманд, лік адкрыты не быў. Мабыць, крыху больш актыўна глядзеліся гарадзенцы, а вось чыгуначнікам часцяком не хапала вастрыні ў нападах. Міжволі ўспаміналася адсутнасць на пляцоўцы Максіма Конава, які з-за чырвонай карткі ў мінулай сустрэчы не змог дапамагчы нашай камандзе. Яго найвышэйшае майстэрства і ўменне прымаць правільныя рашэнні ў складаных сітуацыях вельмі спатрэбіліся б гамяльчанам.

На 10-й хвіліне гаспадары пляцоўкі адкрылі лік. Вызначыўся Аляксандр Крамко. Ён выкарыстаў свой шанец пасля таго, як атрымаў пас ад партнёра па камандзе і проста перакінуў мяч праз галкіпера гасцей Ягора Чыпуліса.

Статус-кво аднавіў на 13-й хвіліне Арчыл Себіскверадзэ. Яго магутны ўдар з цэнтра пляцоўкі не змог заблакаваць варатар гродзенцаў – 1:1.

Другі тайм для нашай каманды пачаўся не самым лепшым чынам: за парушэнне правілаў жоўтую картку суддзя паказаў Арчылу Себіскверадзэ. Ён паспрабаваў спыніць суперніка, які ўцякаў з мячом у атаку... здавалася, што ў далейшым госці будуць дзейнічаць больш абачліва – яшчэ ў першым тайме па колькасці фолаў яны сур'ёзна перасягнулі суперніка. Але сітуацыя складвалася не на нашу карысць. Праз некалькі хвілін усё той жа Себіскверадзэ ўбачыў перад сабой ужо чырвоную картку. Гэта азначала, што ён павінен пакінуць межы пляцоўкі. Наколькі справядлівым (і аб'ектыўным) было гэтае рашэнне, судзіць цяжка. Спыняючы суперніка, Арчыл атрымаў па нагах і сам апынуўся на паркеце ... эмоцыі спартсменаў зашкальвалі. Адзначым, што адначасова жоўтая картка была паказана і гульцу "УУС–Дынама" Генрыху Багдзевічу.

Баланс сіл сур'ёзна змяніўся. Гарадзенцы не гублялі часу дарма і правялі ў вароты Ягора Чыпуліса яшчэ чатыры мячы: на 25-й хвіліне (Ігар Коўшыкаў), 27-й (Алег Чырыч), 29-й (Дзяніс Мазной – рэалізаваў пенальці) і 39-й (Аляксандр Крамко). Каманда БЧ спрабавала даць бой, нават замяніла варатара палявым гульцом. Але забіць гол не здолела, хоць стварала масу добрых момантаў. Не хапала завяршальнага пасу і дакладнага ўдару, ды і ў цэлым здавалася, што спартсменам не дастае патрэбных эмоцый. Без гэтага разлічваць на добры вынік складана. Лік 1:5, безумоўна, ніякім чынам не кажа аб узроўні каманды БЧ. Яна здольна на большае, што не раз ужо даказвала. Балельшчыкі вераць, што пасля невялікага спаду наша дружына верне тую форму, у якой знаходзілася раней. Пажадаем чыгуначнікам удачы, а яшчэ спадзяемся, што ў найбліжэйшых матчах зноў выйдуць на пляцоўку тыя, каго падкасілі траўмы і дыскваліфікацыі.

У наступным туры каманда БЧ прыме ў Гомелі "Мінск" – гульня адбудзецца 21 сакавіка, пачатак у 17.30.

Да спісу навін за 2022 год