Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Упэўненае лідэрства

16 лютага 2022

Каманда БЧ па-ранейшаму ўтрымлівае лідарства ў прэм'ер-лізе Беларусі па міні-футболе (футзале). У 17-м туры чыгуначнікі атрымалі ўпэўненую перамогу над «Лідай» у выязным матчы.

Супернік нашай каманды, мякка кажучы, не адносіцца да фаварытаў чэмпіянату – месца ўнізе турнірнай табліцы кажа само за сябе. Але фактар хатніх сцен і велізарнае жаданне парадаваць сваіх балельшчыкаў заўсёды на руку гаспадарам пляцоўкі. У першыя хвіліны матчу лідчане сапраўды глядзеліся вельмі годна – устойліва трымалі абарону і спрабавалі час ад часу арганізаваць вострыя контратакі. Але ў майстэрстве параўнацца з гасцямі ім было складана. Менавіта чыгуначнікі адкрылі лік у гэтай сустрэчы – на 7-й хвіліне вызначыўся Артур Кандратовіч, які замкнуў ля лініі варот суперніка перадачу Аляксандра Няхая.

Праз тры хвіліны каманда БЧ забіла другі гол. На гэты раз зладжана дзейнічаў тандэм Канстанціна Кускова і Андрэя Чэрніенкі. На 14-й хвіліне госці трэці раз засмуцілі лідчан. Арчыл Себіскверадзэ атрымаў мяч і маментальна нанёс па варотам суперніка ўдар – неверагоднай моцы і дакладнасці. Галкіпер «Ліды» толькі развёў рукамі. Але на гэтым чыгуначнікі не спыніліся. Чацвёрты мяч – на 15-й хвіліне – забіў Андрэй Чэрніенка. Ён своечасова апынуўся ў лініі варот і паспеў пераправіць мяч у сетку. Абаронца гаспадароў не паспеў адвесці пагрозу…

У другім тайме чыгуначнікі не фарсіравалі падзеі – лік для іх быў цалкам камфортным. А вось «Ліда» стараліся па максімуму выкарыстоўваць свае шанцы. На 27-й хвіліне гаспадары скарацілі адставанне (забіў Валерый Таранда). Прапушчаны мяч прымусіў чыгуначнікаў быць больш абачлівымі ў сваёй штрафной. І больш увагі надаваць атакуючым дзеянням. Як вынік – яшчэ два галы ў вароты «Ліды». Лік 5:1 зрабіў Артур Кандратовіч (32-я хвіліна) , а шосты мяч правёў Васіль Жарыкаў (36-я). Па рашэнні трэнерскага штаба каманды БЧ галкіпера замяніў пяты палявы гулец. Гэта апынулася на руку лідчанам – яны больш не прапускалі, затое двойчы прабілі дакладна ў пустыя вароты чыгуначнікаў. Абодва галы на рахунку Алега Петрушэўскага. Сустрэча апынулася вельмі выніковай, а перамогу з лікам 6:3 усё ж святкавала каманда БЧ.

Да спісу навін за 2022 год