Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Пацвярджаючы высокі клас

31 студзеня 2022

Выступаць на хатняй пляцоўцы заўсёды хвалююча – балельшчыкі чакаюць ад сваіх любімцаў толькі перамогі. Можна з упэўненасцю сказаць: тыя, хто прыйшоў у мінулую суботу ў Гомелі на матч паміж камандамі БЧ і «Дарожнік», не былі расчараваныя – ні ходам сустрэчы, ні яе вынікам.

Гэта была гульня 15-га тура прэм'ер-лігі Беларусі па міні-футболе (футзале). З мінчанамі чыгуначнікі сустракаліся ўжо трэці раз у гэтым сезоне. Да гэтага былі перамогі – і ў чэмпіянаце краіны, і ў розыгрышы Кубка. «Дарожнік» быў поўны рашучасці змяніць непрыемную для сябе статыстыку. Але навязаць барацьбу камандзе БЧ – лідару турніру – аказалася вельмі няпроста.

Гаспадары пляцоўкі адкрылі лік ужо на 2-й хвіліне з вуглавога. Георгій Цікурышвілі адпасаваў мяч нашаму капітану Канстанціну Кускову, а той літаральна ўразіў скураную сферу ў сетку варот. Усё адбылося імгненна – галкіпер мінчан нічога не змог зрабіць з такой магутнасцю.

Нягледзячы на прапушчаны мяч,«Дарожнік» не знік. Наадварот, госці вялікімі сіламі пайшлі наперад, спрабуючы захаваць мяч. І гэтая тактыка была правільнай – толькі атака можа прынесці поспех, а без забітых мячоў перамог не бывае. На 7-й хвіліне мінчанам выпала ўдача. Яны скарысталіся сваім шанцам, калі гаспадары страцілі мяч у цэнтральнай зоне. Тут жа класны па выкананні ўдар нанёс Станіслаў Кудрыцкі – скураная сфера ўляцела прама пад перакладзіну. Ягор Чыпуліс быў бяссільны  – 1:1. Аднак развіць свой поспех «Дарожнік» не змог. Ініцыятыва перайшла да чыгуначнікаў. На 10-й хвіліне гаспадары атрымалі права на вуглавы. Памятуя аб сваёй памылке ў пачатку сустрэчы, супернік зрабіў усё магчымае, каб адвесці пагрозу ад варот. І гэта ім удалося. Але следам каманда БЧ уводзіла мяч з аўту. Стандартная працэдура завяршылася чарговым голам. Андрэй Чэрніенка адпасаваў Артуру Кандратовічу, а той ударыў нізам – мяч стралой праляцеў некалькі метраў і ўскалыхнуў сетку варот саперніка. Да канца першага тайма лічбы на табло не змяніліся – з лікам 2:1 вяла каманда БЧ.

Пасля перапынку чыгуначнікі нарасцілі перавагу. На 23-й хвіліне пасля пасу Канстанціна Кускова гол забіў Аляксандр Няхай. Удар бачыў галкіпер мінчан, але не змог спыніць мяч, які па-здрадніцку юркнуў у сетку.

«Дарожнік»замяніў варатара на пятага палявога гульца. Прэсінг у штрафной каманды БЧ узрос. Канцоўка сустрэчы была па-сапраўднаму гарачай. Мінчане былі настойлівыя і не сышлі без другога гола – за 15 секунд да фінальнай сірэны яго забіў Вячаслаў Цвірка. Але заслужаную перамогу святкавалі чыгуначнікі – з лікам 3:2. Аддадзім належнае няўступліваму характару саперніка, але каманда БЧ апынулася мацней, яшчэ раз пацвердзіўшы высокі клас і парадавала сваіх балельшчыкаў.


Да спісу навін за 2022 год