Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

З зараджанасцю на барацьбу

31 студзеня 2022

Пераможная серыя каманды БЧ у прэм'ер-лізе Беларусі па міні-футболе (футзале) працягваецца. У першай сустрэчы другога круга чыгуначнікі абыгралі сталічную «Ахову-Дынама».

Гульня адбылася ў Мінску ў мінулую нядзелю. Каманда БЧ прыехала ў сталіцу ў рангу дзеючага ўладальніка Кубка Беларусі. Гэты турнір запатрабаваў ад чыгуначнікаў немалой самааддачы, энергіі і сіл. Прайшло не так ужо шмат часу – і каманда зноў выйшла на пляцоўку. Што прыемна адзначыць, з бляскам у вачах і зараджанасцю на барацьбу, нібы і не было працяглага і даволі знясільваючага кубкавага марафону. Максімальная сабранасць, канцэнтрацыя – гэта і ёсць прафесіяналізм.

Ужо з першых хвілін сустрэчы стала зразумела, што «Ахова-Дынама» паспрабуе навязаць барацьбу. Гаспадары пляцоўкі сапраўды стараліся ні ў чым не саступаць гасцям – ні ў хуткасці перамяшчэння, ні ў стварэнні небяспечных момантаў у штрафной. Але чыгуначнікі кантралявалі сітуацыю, дзейнічаючы на апярэджанне. І здолелі адкрыць лік у матчы – на 17-й хвіліне вызначыўся Георгій Цікурышвілі, якому асісціраваў Іван Ноўскі. Пасля ўдару мяч эфектна ўляцеў пад перакладзіну – 1:0. Да перапынку лічбы на табло не змяніліся. Затое ў другім тайме балельшчыкі ўбачылі яшчэ 6 галоў!

Асабліва ярка праявіў сваё выканальніцкае майстэрства чыгуначнік Максім Конаў, які стаў лепшым гульцом сустрэчы. Ён адзначыўся хет-трыкам – забіваў мячы ў вароты мінчан на 24-й, 28-й і 33-й хвілінах, у тым ліку пасля розыгрышу стандарту.

У сярэдзіне тайма віншаванні ад партнёраў па камандзе прымаў капітан «Аховы-Дынама» Іраклі Маградзэ, які засмуціў каманду БЧ. На 32-й хвіліне Вадзім Міхалевіч правёў другі мяч у браму гасцей. Але апошняе слова засталося ўсё ж за чыгуначнікамі: Сяргей Сілівончык на 38-й хвіліне забіў пяты гол саперніку. Да таго часу мінчане замянілі галкіпера палявым гульцом, але, як часта гэта бывае, такая тактыка не прынесла поспеху – мяч уляцеў у пустыя вароты. З лікам 5:2 перамогу святкавала каманда з Гомеля, якая ўмацавала лідарства ў турнірнай табліцы.

Да спісу навін за 2022 год