Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Слова – лідэрам

01 лістапада 2021

Сустрэча каманд БЧ і «Cталіца», якая прайшла ў Мінску, стала галоўнай падзеяй 7-га тура прэм'ер-лігі па міні-футболе (футзале).

Цікавасць да гульні заканамерная, бо менавіта гэтыя дружыны ўзначальваюць турнірную табліцу чэмпіянату краіны. У мінулым сезоне ў серыі за бронзавыя медалі чыгуначнікі ў супрацьстаянні са «Cталіцай» здолелі ўзысці на п'едэстал. З тых часоў мінула некалькі месяцаў, можна сказаць, што абедзве каманды прайшлі «перазагрузку». Сур'ёзна абнавілі састаў, змянілі філасофію гульні. Нязменным засталося адно – жаданне перамагаць.

Ужо з першых секунд сустрэчы мінчане ўключылі «пятую перадачу» – іх магутны прэсінг, стваралася ўражанне, заспеў гасцей знянацку. Працы ў галкіпера каманды БЧ Юрыя Рузіна было хоць адбаўляй. Свае шанцы чыгуначнікі стараліся не транжырыць, асабліва калі гаворка ішла аб стандартах. Часам не хапала зусім няшмат для таго, каб забіць гол.

А «Cталіца» нястрымна рвалася наперад. І на 9-й мінуце адкрыла лік. Арцём Козел здолеў уцячы ад праследавацеляў і, прайшоўшы ў адзіночку палову пляцоўкі, перайграў варатара і забіў мяч. Не прайшло і хвіліны, як мінчані павялічылі перавагу. На гэты раз вызначыўся Гільерме Аушыта – ён заняў зручную пазіцыю ў левай штангі, і калі атрымаў пас ад партнёра па камандзе, проста закаціў мяч у сетку. На 12-й мінуце «Cталіца» павяла з лікам 3:0. Схема была класічнай – розыгрыш вуглавога, адскок мяча і дабіванне... Самым кемлівым у гэтым эпізодзе апынуўся Эдымар. Каманда БЧ трохі звяла, але ўсё ж рук не апускала – пасля ўдараў нашых гульцоў штанга варот саперніка звінела на ўсе лады. Але пераможны марш ў той дзень пісала «Сталіца».

За пяць мінут да перапынку мінчане зрабілі лік разгромным. І зноў – пасля розыгрышу вуглавога. Мяч ніяк не хацеў пакідаць межы штрафной гасцей. І ў нейкі момант выдатна зарыентаваўся ў абстаноўцы Аляксандр Кнігаўка, чый ўдар стаў фатальным для нашай каманды. Секундная страта канцэнтрацыі каштавала вельмі дорага.

У другім тайме, ужо маючы камфортную перавагу, «Сталіца» крыху збавіла тэмп. Але хватку не губляла. На 22-й мінуце Эдымар зрабіў галявы дубль. Небяспекі нішто не прадвяшчала – і варатар, і абаронцы былі напагатове. Але ўдар бразільца быў настолькі вывераны, што мяч проста не мог не апынуцца ў сетцы. Каб дацягнуцца да скураной сферы, Юрыю Рузіну не хапіла зусім ледзь-ледзь. Шосты раз на цэнтр пляцоўкі суддзя паказаў ужо праз дзве мінуты. Галявой стала чарговая атака «Сталіцы», у якой галоўныя ролі гулялі Эдымар і Ільнур Ісламаў. Бразілец абыграў двух абаронцаў гасцей і здолеў адпасаваць партнёру па камандзе, які «дзяжурыў» каля варот…

Чыгуначнікі атакавалі зноў і зноў, не шкадуючы сіл. Задзейнічалі флангі, прарываліся праз цэнтральную зону і наносілі небяспечныя ўдары. Але мяч, нібы загавораны, ні разу мэты не дасягнуў. Нельга сказаць, што лік 0:6 па гульні. Каманда БЧ магла (і павінна была!) забіваць. Аднак сустрэча ў Мінску завяршылася не на яе карысць.

Дзмітрый Некрашэвіч, галоўны трэнер каманды БЧ:

– Я чакаў гэтага матчу з трапятаннем і асцярогай. «Сталіцу» нельга параўноўваць з камандамі, з якімі мы ўжо гулялі, гэта больш арганізаваны калектыў з выканаўцамі іншага ўзроўню. Сапернік перасягнуў нас у хуткасці, у настроі... мы павінны былі забіваць мінімум 1-2 мячы, аднак, на вялікае здзіўленне «перагарэлі» людзі, на якіх я вельмі разлічваў. Не думаю, што мы настолькі слабей «Сталіцы». Згулялі, але праверку не прайшлі. Будзем рыхтавацца далей, рукі не апускаем.

Наступны матч каманда БЧ правядзе 7 лістапада з «УУС-Дынама» ў Гомелі. Сустрэча пачнецца ў 11.00.

Да спісу навін за 2021 год