Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Стопрацэнтны вынік

14 кастрычніка 2021

Сезон толькі пачаўся, а каманда БЧ выдала адзін з самых выніковых матчаў у чэмпіянаце краіны. У 4-м туры прэм'ер-лігі па міні-футболе (футзале) чыгуначнікі атрымалі перамогу над «Лідай» з разгромным лікам 12:3.

Выступленне у вышэйшым дывізіёне наша каманда пачала ударна. Тры сустрэчы – тры перамогі. Вынік стопрацэнтны. Нехта заўважыць, што нашай камандзе спрыяе каляндар – гульні з больш вопытнымі дружынамі яшчэ наперадзе. Але ёсць і важкі контраргумент: чыгуначнікі ў міжсезонне засталіся без многіх моцных спартсменаў, састаў абнавіўся амаль на дзве трэці. А гэта значыць, што падрыхтоўку да турніру прыйшлося пачынаць, па сутнасці, з нуля. Гэта вялікі выклік для ўсяго трэнерскага штаба. Але калі праца прыносіць плён, значыць, стратэгія выбрана правільная.

Як складзецца далейшы лёс каманды БЧ, загадваць не будзем. Проста хочацца адзначыць той пазітыў, які дораць чыгуначнікі сваім балельшчыкам. Прыемна, дарэчы, што такіх становіцца ўсё больш. Пасля матчу 4-га тура (3-і дружына БЧ прапускала з-за няцотнай колькасці ўдзельнікаў прэм'ер-лігі) ужо напэўна.

«Ліду» наша каманда прымала на хатняй пляцоўцы ў Гомелі. Ужо ў першыя хвіліны сустрэчы гаспадары ўпэўнена завалодалі мячом. У штрафной саперніка было горача. А лік быў адкрыты на зыходзе 4-й мінуты. Капітан нашай каманды Канстанцін Кускоў далёкім закідам знайшоў Максіма Конава, а той імгненна пераправіў мяч Георгію Цікурышвілі, які «дзяжурыў» каля варот «Ліды». Адно дакрананне – і скураная сфера ускалыхнула сетку. На 6-й мінуце каманда БЧ забіла другі гол, гэтым разам пасля ўводу мяча з аўту. Дыяганальны пас Івана Ноўскага – і Алег Носаль не прамахнуўся.

Адным з герояў гэтай сустрэчы стаў навічок у саставе нашай дружыны Арчыл Себіскверадзе. У першым тайме ён запісаў на свой рахунак два галы, а ў другім – тры. Плюс адна галявая перадача. Зайздросная выніковасць! Адзначым, што да перапынку па мячы ў вароты «Ліды» забілі таксама Артур Кандратович і Іван Ноўскі. Сапернік адказаў адным – у выкананні Дзмітрыя Юргеля. Госці перахапілі мяч у адной з атак і заспелі знянацку нашага варатара Юрыя Рузіна. Але казаць пра тое, што лідчане вярнуліся ў гульню, было б саманадзейна: на перапынак каманды пайшлі пры ліку 6:1 на карысць чыгуначнікаў.

Камфортная перавага нашу дружыну не расхаладзіла. У другім тайме ў спартсменаў гэтак жа гарэлі вочы і была пастаянная нацэленасць на вароты саперніка. Лічбы на табло мяняліся з зайздроснай хуткасцю. Чыгуначнікі забілі яшчэ шэсць мячоў, прапусціўшы толькі два. Як ужо адзначалася, тры мяча ў другой дваццацімінутцы запісаў на свой рахунак Арчыл Себіскверадзе, прызнаны лепшым гульцом у нашай камандзе, па адным разе вызначыліся Артур Кандратовіч, Максім Конаў і Сяргей Сілівончык. У саперніка мячы забівалі Аляксандр Навакунскі і Яўген Еўтух. За дзве з паловай мінуты да фінальнай сірэны ў вароты каманды БЧ быў прызначаны дзесяціметровы – такое пакаранне было за шосты фол ў другім тайме. Аднак гэты ўдар бліскуча адбіў галкіпер гаспадароў пляцоўкі Юрый Рузін.

Пасля трох тураў каманда БЧ з 9 ачкамі ўзначальвае турнірную табліцу. Наступны матч чыгуначнікі правядуць у Брэсце, у Палацы спорту «Вікторыя» яны сустрэнуцца з камандай «Першы Рэгіён». Гульня пачнецца ў 13.00.

Да спісу навін за 2021 год