Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Адным словам – майстэрства

20 кастрычніка 2021

Больш чым упэўнена праводзіць стартавы адрэзак прэм'ер-лігі па міні-футболе (футзале) каманда БЧ. У 5-м туры яна запісала на свой рахунак чацвертую перамогу запар.

На гэты раз чыгуначнікі абгулялі дэбютанта элітнага дывізіёна каманду «Першы рэгіён» з Брэста. Сустрэча праходзіла ў горадзе над Бугам.

З першых хвілін гульні стала відавочна вялікая розніца ў класе. Брэстаўчане, завалодаўшы мячом, часта не маглі ім правільна распарадзіцца: недакладныя перадачы, залішняя мітуслівасць, удары міма варот... Каманда БЧ, у адрозненне ад саперніка, дзейнічала больш разважліва, кожную атаку разыгрывала нібы шахматную партыю – пралічваючы любы пас і яго вынікі.

Нядзіўна, што менавіта чыгуначнікі адкрылі лік. Перапасоўка ў штрафны брэстаўчан завяршылася на 3-й мінуце дакладным ударам Георгія Цікурышвілі. Асабліва эфектна у гэтай камбінацыі глядзелася перадача, якую Сяргей Сілівончык зрабіў пяткай капітану каманды Канстанціну Кускову. Другі гол госці правялі на 5-й мінуце. Увод мяча з аўта і высокае індывідуальнае майстэрства Аляксандра Няхая, які абыграў некаторых сапернікаў на шляху да варот. Далей – больш. На 9-й мінуце чыгуначнікі давялі сваю перавагу да трох мячоў. Гол забіў Артур Кандратовіч. Не сустрэўшы асаблівага супраціўлення з боку сапернікаў, ен дайшоў ды штрафной плошчы і спакойна прабіў па варотах. Чацверты гол гледачы ўбачылі на 17-й мінуце. Чарговая атака гаспадароў пляцоўкі завяршылася, ледзь пачаўшыся, калі госці перахапілі мяч і імгненна апынуліся каля варот саперніка. Брэстаўчане запанікавалі, галкіпер высунуўся ў штрафную, а месца ў «рамцы» заняў адзін з палявых гульцоў. Але гэта не ўратавала іх ад магутнага ўдару Георгія Цікурышвілі, які аформіў дубль. Пяты гол – з разрада кур'ёзных. Варатар «Першага рэгіена» паспрабаваў адпасаваць аднаму з партнераў па камандзе, але мяч адскочыў да чыгуначніка Алега Носаля, якія знаходзіўся літаральна ў двух метрах ад «рамкі». Каб забіць гол яму не спатрэбілася асаблівых намаганняў. Але быць ў патрэбны час і ў патрэбным месцы – гэта годна захаплення.

На перапынак каманды пайшлі пры ліку 5:0 на карысць чыгуначнікаў. У другім тайме госці забілі яшчэ столькі ж галоў. Брэстаўчане стойка трымаліся да 28-й мінуты. Але перад націскам больш выдатнага саперніка не змаглі выстаяць. Сяргей Сілівончык забіў шосты гол – поспех прынёс далёкі ўдар. А затым тры разы запар вызначыўся Максім Конаў – на 31-й, 32-й і 40-й мінутах. Кожнае ўзяцце варот было па-свойму прыгожым. Увод мяча з аўта, пранікальны пас, удар – і розніца ў ліку стала больш значнай. Брэстаўчане не паспавявалі за больш мабільнымі чыгуначнікамі. А тыя і не думалі спыняцца. Сімвалічна, што дзесяты мяч у вароты «Першага рэгіена» правеў капітан нашай дружыны Канстанцін Кавалкаў, які да гэтага не адзін раз асісціраваў партнёрам па камандзе. Ён у адзіночку пераадолеў дзве трэці пляцоўкі і дыяганальным ударам адправіў мяч у сетку варот саперніка. І ўсё гэта – за 15 секунд да фінальнай сірэны, калі да гэтага было патрачана нямала сіл. Сапраўдны лідар каманды!

Аддадзім належнае і саперніку – дэбютант прэм'ер-лігі змагаўся да апошняй секунды. Але перамога ў той дзень была за чыгуначнікамі – 10:0. Наша каманда па-ранейшаму ўзначальвае турнірную табліцу, наступную сустрэчу яна правядзе ў Гомелі. Сапернік – «Дынама-БНТУ» (Мінск). Гульня пачнецца у 12 гадзін.

Да спісу навін за 2021 год