Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Майстры паказваюць клас

29 верасня 2021

На рэдкасць багатым на забітыя мячы выдаўся матч 2-га тура прэм'ер-лігі Беларусі па міні-футболе (футзале), у якім сустракаліся каманды БЧ і «Дарожнік». Калі прагучала фінальная сірэна, на табло свяціліся лічбы 9:4.

Пачатак матчу, які прайшоў у Мінску, зусім не прадвяшчаў галявога багацця. У першыя хвіліны ішла шчыльная барацьба за кантроль над мячом. Небяспечныя ўдары па варотах наносілі абедзве каманды, хуткасці таксама былі высокімі. Але толькі на 8-й хвіліне лік быў адкрыты. Перадача ўздоўж лініі варот - і капітан нашай каманды Канстанцін Кускоў адным дакрананнем адпраўляе мяч у сетку. Праз тры хвіліны "Дарожнік" зраўняў лічбы на табло. Неабачліва дзейнічаў у штрафной галкіпер каманды БЧ Ягор Чыпуліс, якога без цяжкасці абыграў Алег Грыцук. Але да перапынку чыгуначнікі ўсё ж змаглі выйсці наперад. Зноў майстар-клас паказаў Канстанцін Кускоў. Менавіта ён забіў другі гол, на гэты раз пасля розыгрышу вуглавога. Брава, капітан! Умацаваў перавагу гасцей яшчэ адзін забіты мяч, аўтарам якога стаў Георгій Цікурышвілі. Мінчане занадта захапіліся атакай і выпусцілі з-пад увагі нашага спартсмена. Ён знаходзіўся літаральна ў метры ад брамы і, атрымаўшы мяч, імгненна адправіў яго ў сетку.

Было відавочна, што "Дарожнік" не можа падтрымліваць такі высокі тэмп. Яшчэ больш выразна гэта выявілася ў другім тайме. Ужо ў самым яго пачатку, на 14-й секундзе (!) каманда БЧ забіла чацвёрты мяч. Зноў поспех прынёс розыгрыш стандарту. Вызначыўся Васіль Жарыкаў. На 23-й хвіліне чыгуначнікі правялі ў вароты саперніка пяты мяч. Канстанцін Кускоў прабіў практычна з цэнтра пляцоўкі, можна сказаць, наўздагад. Галкіпер мінчан бачыў мяч, але не змог да яго дацягнуцца. А наш капітан аформіў хет-трык - першы ў гэтым сезоне.

Наступны гол госці забілі на 28-й хвіліне, гэтым разам віншаванні прымаў навічок нашай каманды Максім Конаў. Мала таго, што ён бліскуча згуляў у адборы, але яшчэ і заняў зручную пазіцыю ў штрафной, адкуль і нанёс класны па выкананні ўдар.

На 30-й хвіліне "Дарожнік" скараціў адставанне - розыгрыш вуглавога прывёў да другога голу ў варота гасцей. Мяч забіў Аляксандр Тароп. Адказ чыгуначнікаў не прымусіў сябе чакаць. Гол (сёмы па ліку ў вароты гаспадароў) забіў Артур Кандратовіч пасля перадачы Аляксандра Няхая. Яшчэ праз паўхвіліны вызначыўся Дзмітрый Ганчароў. Паслядоўнасць падзей была такой: парушэнне правілаў, штрафны ўдар - і мяч у сетцы варот. У заключнай пяціхвілінцы гледачы ўбачылі тры галы. Двойчы вызначыўся "Дарожнік", прычым абодва мячы забіў Вадзім Ціткоў. Каманда БЧ адказала адным. Мінчане да таго часу замянілі варатара пятым палявым гульцом, але ў выніку мяч заляцеў у пустыя вароты... Больш чым упэўнена, з лікам 9:4 перамаглі чыгуначнікі.

Зрэшты, галоўны трэнер каманды БЧ Дзмітрый Некрашэвіч быў вельмі асцярожны ў ацэнцы гэтага матчу:

- Вынік дасягнуты, але рабіць нейкія высновы аб нашай гульні зыходзячы з ліку дакладна не варта. Наколькі я ведаю, каманда суперніка сабралася за тры тыдні да пачатку чэмпіянату і знаходзіцца далёка не ў аптымальных кандыцыях. Таму сур'ёзны супраціў "Дарожнік" аказваў, пакуль былі сілы. Калі казаць аб гульні ў цэлым, мы згулялі больш якасна, чым у папярэднім матчы. За выключэннем пары змен у першым тайме кантралявалі ход сустрэчы. Зноў больш упэўнена правялі другі тайм, парадавала рэалізацыя момантаў. Трохі засмуціла гульня 4х5, калі прапусцілі два мячы, пры тым, што супернік не ставіў перад намі невырашальных задач.

Пасля двух тураў каманда БЧ з 6 баламі ўзначальвае турнірную табліцу прэм'ер-лігі. Наступную сустрэчу чыгуначнікі правядуць 9 кастрычніка ў Гомелі з "Лідай".

Да спісу навін за 2021 год