На цягнікі, прызначаныя Беларускай чыгункай для дастаўкі гасцей і ўдзельнікаў Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», набыта ўжо амаль 4 тыс. білетаў
11 ліпеня 2023
На цягнікі, прызначаныя БЧ на перыяд правядзення XXXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», набыта ўжо амаль 4 тыс. білетаў.
Нагадаем, для забеспячэння дастаўкі пасажыраў на «Славянскі базар у Віцебску» Беларускай чыгункай дадаткова прызначаны цягнікі міжнародных ліній №209/210 Віцебск–Масква–Віцебск і міжрэгіянальных ліній №644/643 Мінск–Віцебск–Мінск.
Цягнік міжнародных ліній №209/210 Віцебск–Масква–Віцебск будзе курсіраваць з 11 па 18 ліпеня 2023 года. Ён будзе адпраўляцца з Віцебска ў 07:10 і прыбываць у Маскву ў 16:59, у зваротным кірунку з Масквы цягнік адправіцца ў 23:49 і прыбудзе ў Віцебск раніцай наступнага дня ў 08:36. Пасажырам даступны месцы ў плацкартных вагонах, а таксама ў купэ і СВ.
Цягнік міжрэгіянальных ліній №644/643 Мінск–Віцебск–Мінск будзе забяспечваць дастаўку пасажыраў на «Славянскі базар у Віцебску» з 12 па 18 ліпеня 2023 года. Яго расклад складзены з улікам праграмы фестывалю. Пасажыры змогуць прыехаць у Віцебск да вячэрняй канцэртнай праграмы, а пасля яе заканчэння адправіцца дадому прамым начным цягніком. З Мінска з 12 па 17 ліпеня 2023 года цягнік будзе адпраўляцца ў 12:30 і прыбываць у Віцебск у 16:05. У зваротным кірунку з Віцебска ён будзе адпраўляцца з 13 па 18 ліпеня ў 01:28 і прыбываць у Мінск у 05:41.
Запрашаем здзейсніць займальнае падарожжа на XXXII Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» разам з Беларускай чыгункай.
У дарозе з Масквы і Мінска ў Віцебск пасажыры могуць даведацца пра гісторыю і праграму правядзення фестывалю ў бягучым годзе. Інтэр'ер вагонаў аформлены з выкарыстаннем сімволікі мерапрыемства.
Трэба адзначыць, што цягнікі на «Славянскі базар у Віцебску» традыцыйна карыстаюцца папулярнасцю ў жыхароў і гасцей нашай краіны.
Набыць праязныя дакументы можна на афіцыйным інтэрнэт-сайце Беларускай чыгункі ў раздзеле «Паслугі пасажырам» (pass.rw.by) з дапамогай мабільнага дадатку «БЧ. Мой цягнік», а таксама ў чыгуначных касах.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ