Сёння ў першы рэйс адправіцца цягнік з Мінска ў Казань
12 снежня 2018
Маршрут цягніка будзе пралягаць праз найбуйнейшыя турыстычныя і адміністрацыйныя цэнтры Расійскай Федэрацыі: Смаленск, Тулу, Ражск, Пензу, Сызрань і Ульянаўск.
У складзе цягніка прадугледжаны бесперасадачныя вагоны Гомель—Казань і Брэст—Казань, якія дазволяць звязаць такія абласныя і раённыя цэнтры Рэспублікі Беларусь, як Гомель, Магілёў, Орша, Брэст, Баранавічы з буйнымі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі.
Таксама расклад цягніка прадугледжвае зручную перасадку з раённых і абласных цэнтраў Мінскай і Гродзенскай абласцей (Гродна, Масты, Ліда і Маладзечна) па станцыі Мінск-Пасажырскі і Віцебскай вобласці па станцыі Орша-Цэнтральная.
Цягнік № 328/327 Мінск—Казань фарміравання Беларускай чыгункі прызначаецца з 12 снежня 2018 года. Ён будзе курсіраваць круглы год адзін раз у тыдзень адпраўленнем са сталіцы Беларусі па серадах у 21:55 і прыбыццём у сталіцу Татарстана па пятніцах у 17:53. З Казані цягнік будзе адпраўляцца з 15 снежня па суботах у 07:43 і прыбываць у Мінск па панядзелках у 05:13.
Рэалізацыя праязных дакументаў ажыццяўляецца за 60 сутак да адпраўлення цягніка.
Дадзены праект накіраваны на развіццё і ўмацаванне дзелавых турыстычных і культурных сувязяў паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі.
Трэба адзначыць, што ў цягніку № 328/327 Мінск—Казань прадугледжана сістэма скідак. Для арганізаваных груп пасажыраў ад 10 да 24 чалавек прадастаўляецца скідка 20%, для груп ад 25 і больш чалавек — 30%, а таксама 10% скідка пры праездзе ў плацкартных вагонах на бакавых месцах.
Пры куплі білетаў у купэйныя і вагоны СВ за 60-31 суткі да адпраўлення цягніка пасажырам прадастаўляецца скідка 20%, за 30—21 суткі — 15%, пры адначасовым афармленні білетаў «туды» і «назад» прадугледжаная скідка 10%.
Больш падрабязна з раскладам руху цягніка можна азнаёміцца на сайце www. rw.by, а таксама у чыгуначных касах і па тэлефоне Кантакт-цэнтра Беларускай чыгункі 105.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2018 год