Беларуская чыгунка прапрацоўвае для пасажыраў новы лагістычны маршрут з Мінска ў Варшаву праз Гродна
11 жніўня 2015
Беларуская чыгунка працягвае працу над павышэннем прывабнасці пасажырскіх перавозак, як у межах Беларусі, так і ў міжнародных зносінах.
Сумесна з польскімі калегамі Беларуская чыгунка плануе ў снежні адкрыць новы лагістычны маршрут Мінск—Гродна—Беласток—Малкінія—Варшава з перасадкай пасажыраў па станцыі Гродна.
У выніку дамоўленасці Беларускай чыгункі з Польскімі чыгункамі са снежня маршрут руху цягніка Гродна—Беласток—Малкінія будзе падоўжаны да Варшавы.
Плануецца, што цягнік будзе адпраўляцца з Гродна ў Польшчу ў 07.06 і прыбываць у Беласток у 08.02, у Малкінію — у 09.40, у Варшаву — у 11.29.
Прапанаваны графік руху дазволіць арганізаваць зручную перасадку пасажыраў па станцыі Гродна пры руху ў Польшчу з цягнікоў міжрэгіянальных ліній №№631, 609, 623, 634, якія звязваюць Гродна з Мінскам, Гомелем, Магілёвам, Віцебскам.
Зручная лагістыка прадугледжана і ў адваротным кірунку. Цягнік будзе адпраўляцца з Варшавы ў 06.26 і прыбываць у Гродна ў 14.20, што дазволіць пасажырам далей у 15.25 адправіцца ў Мінск, у 16.53 — у Маскву, Віцебск або Магілёў, у 17.18 — у Санкт-Пецярбург, Баранавічы ці Гомель.
Паводле інфармацыі польскага боку, на маршруце Гродна—Варшава польскія калегі мяркуюць задзейнічаць сучасны маторвагонны рухомы састаў.
З мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці перавозак таксама плануецца ўвесці фіксаваны кошт праезду на цягніках па дадзеным маршруце.
Рэалізацыя гэтага праекта будзе спрыяць павышэнню прывабнасці чыгуначных пасажырскіх перавозак і развіццю турыстычных маршрутаў.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2015 год