Беларуская чыгунка 7 лістапада адкрые рух пасажырскіх цягнікоў у Нацыянальны аэрапорт Мінск
24 кастрычніка 2014
З 7 лістапада па маршруце станцыя Мінск-Пасажырскі — прыпыначны пункт Нацыянальны аэрапорт Мінск у тэставым рэжыме будуць штодня курсіраваць 5 пар сучасных трохвагонных дызель-цягнікоў ДП3.
Праезд непасрэдна да аэрапорта будзе ўключаць у сябе перавозку на аўтобусе ад прыпыначнага пункта Нацыянальны аэрапорт Мінск. Агульны час у шляху з улікам перасадкі зойме каля 70 хвілiн, з іх 55—56 хвілiн — праезд на цягніку, 4—5 хвіл. — на аўтобусе.
Кошт паездкі складзе 25 000 рублёў у адзін бок з улікам праезду на аўтобусе. Рэалізацыя білетаў да аэрапорта будзе ажыццяўляцца ва ўсіх пунктах афармлення праязных дакументаў БЧ, уключаючы плацежна-даведачныя тэрміналы самаабслугоўвання. Праезд таксама можна будзе аплаціць непасрэдна ў цягніку ў білетных касіраў і праз плацежна-даведачныя тэрміналы самаабслугоўвання, устаноўленыя ў аэрапорце.
БЧ рэалізавала гэты праект на аснове наяўнай транспартнай інфраструктуры. Яго мэтай з'яўляецца далейшае ўдасканаленне пасажырскіх перавозак чыгуначным транспартам, пашырэнне спектру паслуг.
Трохвагонныя дызель-цягнікi ДП3 — гэта сучасны рухомы састаў, выраблены для Беларускай чыгункі польскай кампаніі «PESA Bydgoszcz SA».
У ДП3 прадугледжаны 143 месцы для сядзення. Новы рухомы састаў адпавядае сучасным патрабаванням бяспекі руху і камфорту для пасажыраў. Да паслуг пасажыраў — прасторныя салоны; мяккія крэслы з індывідуальнымі рэгуляваннямі становішча спінкі і падлакотнікаў; паніжаная падлога (600 мм), якая дазваляе хутка ажыццяўляць пасадку і высадку. У адным з вагонаў цягніка абсталявана шматфункцыянальная зона для пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а таксама для пасажыраў з буйнагабарытным багажом. Таксама ëсць два туалетныя комплексы вакуумнага тыпу, адзін з якіх прыстасаваны для пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. У салонах цягніка ўстаноўлены кандыцыянеры, электраразеткі, сістэмы відэаназірання, вiдэаiнфармавання пасажыраў.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2014 год