Дзіцячая чыгунка Мінскага аддзялення беларускай магістралі запрашае адсвяткаваць Дзень горада разам
12 верасня 2013
Дзіцячая чыгунка РУП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі» у Дзень горада, 14 верасня, сумесна з Першамайскім райвыканкамам арганізуе святочную праграму, якая пройдзе на станцыі «Заслонава» з 11.00 да 17.00.
Перад гледачамі выступяць творчыя калектывы Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў і Цэнтра дадатковай адукацыі Першамайскага раёна г. Мінска. Наведвальнікаў Дзіцячай чыгункі чакаюць вясёлыя віктарыны і конкурсы. На станцыі «Заслонава» будуць працаваць выстава дэкаратыўна-прыкладнай творчасці і выстава выяўленчага мастацтва.
Маленькія пасажыры і іх бацькі таксама змогуць здзейсніць займальнае падарожжа на цягніку «Сталічны экспрэс». У гэты дзень ён будзе курсіраваць па маршруце ст. Заслонава—ст. Піянерская—ст. Сасновы Бор і назад у сваім звычайным рэжыме — з 11.00 да 17.30 кожныя 35 хвілін.
Наведванне Дзіцячай чыгункі — гэта добрая магчымасць культурна адпачыць і цікава правесці час. У мінчан і гасцей сталіцы падарожжа па малой магістралі карыстаецца ўсё большай папулярнасцю. У маі- жніўні гэтага года паслугамі ДзЧ скарысталіся больш за 54 тыс. пасажыраў, што амаль на 8 тыс. больш, чым за аналагічны перыяд 2012 года.
Нагадаем, у верасні Дзіцячая чыгунка працуе па выхадных днях — з 11.00 да 17.30.
Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах 267 25 22 і 237 65 75.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2013 год