Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Віцебскі вакзал заняў першае месца на рэспубліканскім аглядзе санітарнага стану і добраўпарадкавання чыгуначных вакзалаў

06 жніўня 2013

Беларуская чыгунка падвяла вынікі штогадовага рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання чыгуначных вакзалаў. Пераможцам прызнаны вакзал станцыі Віцебск — ён заняў першае месца сярод пазакласных вакзалаў. На другім месцы ў гэтай катэгорыі класнасці — вакзал станцыі Мінск-Пасажырскі.

 

Віцебскі вакзал — адзін з найстарэйшых на Беларускай чыгунцы. У гэтым годзе яму спаўняецца 147 гадоў. За гэты час вакзал неаднаразова абнаўляўся. Новае аблічча ён набыў і ў выніку рэканструкцыі, распачатай у 2007 годзе.

Сярод вакзалаў першага класа лепшым прызнаны вакзал станцыі Орша-Цэнтральная. Першая прэмія сярод прэтэндэнтаў, якія адносяцца да другога класу, дасталася вакзалу станцыі Пінск, другая — вакзала станцыі Барысаў.

Вынікі конкурсу падводзіліся на аснове ацэнкі праведзенай у 2012—2013 гадах работы па паляпшэнні добраўпарадкавання і санітарнага стану чыгуначных вакзалаў і прылеглых да іх тэрыторый. Ўлічваліся таксама архітэктурная выразнасць вакзалаў, афармленне фасадаў, абсталяванне прылеглых тэрыторый малымі архітэктурнымі формамі, паляпшэнне якасці абслугоўвання пасажыраў, пашырэнне колькасці і павышэнне ўзроўню прапанаваных паслуг.

Упершыню штогадовы рэспубліканскі агляд санітарнага стану і добраўпарадкавання чыгуначных вакзалаў прайшоў у 2001 годзе. Правядзенне мерапрыемства сведчыць аб значнасці, якую магістраль надае абнаўленню пасажырскіх вакзалаў, укараненню новых форм абслугоўвання пасажыраў.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2013 год