Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка ўдасканальвае працэс продажу праязных дакументаў праз Інтэрнэт

18 чэрвеня 2013

Больш 160 тыс. білетаў на цягнікі набылі пасажыры Беларускай чыгункі ў студзені—маі праз Інтэрнэт, што ў 10 разоў перавышае ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года. У тым ліку 93 тыс. праязных дакументаў было аплачана з выкарыстаннем паслугі электроннай рэгістрацыі, якая дазваляе не афармляць іх у білетнай касе.

Беларуская магістраль праводзіць актыўную працу па далейшым удасканаленні анлайн-сістэмы продажу праязных дакументаў. Сёння праз Інтэрнэт з дапамогай аплатных картак беларускіх банкаў, а таксама праз сістэму электронных грошай Easy Pay і Web Money можна аплаціць білеты на ўсе цягнікі, якія курсiруюць па Беларускай чыгунцы. Пры афармленні ў касе аплачаных праз Інтэрнэт праязных дакументаў пасажыру дастаткова прад'явіць касіру бланк заказу на паездку (або паведаміць нумар заказу — 14 лічбаў) і дакумент, які сведчыць асобу.

 

Атрымаць аплачаныя праз Інтэрнэт праязныя дакументы таксама можа давераная асоба пасажыра. З чэрвеня бягучага года зрабіць гэта стала значна прасцей. Калі раней аформіць білеты можна было толькі на падставе натарыяльна запэўненай даверанасці, то зараз даверанай асобе разам з бланкам заказу (ці нумарам заказу) дастаткова прад'явіць касіру свой пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу.

У наш час таксама вядзецца работа па падключэнні сэрвісу продажу праязных дакументаў на сайце www. poezd.rw.by да сістэмы Інтэрнэт-эквайрынгу, якую плануецца завяршыць у 2013 годзе. Гэта дазволіць забяспечыць магчымасць аплаты білетаў па банкаўскіх картках аплатных сістэм Visa International, MasterCard WorldWide любога банка свету.

Нагадваем, сёння пры куплі праязнога дакумента праз Інтэрнэт можна скарыстацца дадатковай паслугай электроннай рэгістрацыі на ўсе цягнікі, якія курсiруюць у межах Беларусі, а таксама на 16 пар цягнікоў у зносінах з Расіяй і на цягнік Мінск—Рыга.

Бываюць выпадкі, калі пры куплі білетаў праз Інтэрнэт пасажыры забываюць паставіць «птушку» ў патрэбным полі і паказаць, што яны згодны на электронную рэгістрацыю. Таму рэкамендуем заўсёды правяраць наяўнасць прыкметы «Электронная рэгістрацыя» ў частцы «Асабісты кабінет». Калі гэта прыкмета адсутнічае, то пры пасадцы ў цягнік неабходна прад'явіць правадніку аплачаны праз Інтэрнэт білет на бланку, аформлены ў білетных касах. Або, калі на гэты цягнік магчымая электронная рэгістрацыя, выканаць яе ў «Асабістым кабінеце».

Аформіць аплачаныя праз Інтэрнэт праязныя дакументы можна ў любой касе Беларускай чыгункі, абсталяванай тэрміналам сістэмы «Экспрэс». У Мінску гэта зручней усяго зрабіць у чыгуначных касах па вул. Кірава, 2, у якіх афармляюцца толькі праязныя дакументы, аплачаныя праз Інтэрнэт, а таксама праязныя дакументы на цягнікі далёкага замежжа. Гэтыя касы працуюць штодня, кругласутачна.

Таксама неабходна памятаць пра тое, што электронная рэгістрацыя спыняецца за 1 гадзіну да адпраўлення цягніка з пачатковай станцыі маршруту яго руху. Напрыклад, калі Вы набываеце білет з Мінска да Віцебска на цягнік Брэст—Віцебск, то электронная рэгістрацыя спыняецца за 1 гадзіну да адпраўлення цягніка з Брэста, а не з Мінска.

Да спісу навін за 2013 год

Мы выкарыстоўваем файлы cookie

Гэта дапаможа вам эфектыўна выкарыстоўваць афіцыйны інтэрнэт-сайт Беларускай чыгункі і падтрымліваць карэктнае функцыянаванне яго сэрвісаў! Перад тым, як здзейсніць выбар настроек параметраў выкарыстання файлаў cookie, рэкамендуем азнаёміцца з Палітыкай апрацоўкі файлаў cookie.

Настроіць