З Мінска ў Вільнюс за 2 гадзіны 30 хвілін. З 26 мая 2013 года час у шляху паміж дзвюма сталіцамі скароціцца на 30 хвілін...
28 сакавіка 2013
Даехаць з Мінска да Вільнюса на паўгадзіну хутчэй можна будзе на цягніках № 15/16 і № 37/38. Час у шляху скароціцца за кошт аптымізацыі працэдур мытнага і пагранічнага кантролю.
Дэталі і ўмовы рэалізацыі сумеснага беларуска-літоўскага праекту абмеркавалі ў Мінску на нарадзе. Акрамя прадстаўнікоў Беларускай і Літоўскіх чыгунак, у ім прынялі ўдзел супрацоўнікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь, а таксама работнікі органаў пагранічнага і мытнага кантролю Літоўскай Рэспублікі. Бакі замацавалі рашэнне аб парадку правядзення кантрольных аперацый мытнымі і пагранічнымі органамі пры праверцы цягнікоў № 15/16 і № 37/38 у зносiнах Мінск-Вільнюс. У прыватнасці, на беларускім баку надгляд пасажыраў і праверка дакументаў будзе рабіцца падчас руху цягніка на ўчастку Маладзечна-Гудагай. У Літоўскай Рэспубліцы падобныя кантрольныя аперацыі пасажыры будуць праходзіць у спецыялізаваным тэрмінале на станцыі Вільнюс.
Таксама абмяркоўваліся патрабаванні да рухомага саставу, графік руху цягнікоў, магчымасць і ўмовы ўвядзення дадатковых саставаў ў зносiнах Мінск-Вільнюс.
Скарачэнне часу ў шляху паміж беларускай і літоўскай сталіцамі да 2 гадзіны 30 хвілін - гэта II-гi этап рэалізацыі праекта: «Арганізацыя хуткасных чыгуначных пасажырскіх зносін паміж Мінскам і Вільнюсам». I-шы этап гэтага праекта быў рэалізаваны ў 2011 годзе. Час у шляху паміж дзвюма сталіцамі быў тады скарочаны з 4 да 3 гадзін, а гэта, у сваю чаргу, стала адной з прычын павелічэння папулярнасці гэтага чыгуначнага маршруту ў пасажыраў.
Акрамя таго, павелічэнню аб'ёмаў перавозак пасажыраў у значнай ступені спрыяе развіццё эканамічных сувязяў, а таксама культурная і сацыяльная інтэграцыі паміж Беларуссю і Літвой.
Так, у 2012 годзе паміж дзвюма краінамі было перавезена больш за 295 тысяч пасажыраў. Гэта на 51,7% больш, чым у 2011 годзе. У тым ліку звыш 195.000 чалавек скарысталіся паслугамі цягніка № 15/16. У агульным аб'ёме перавозак чыгуначным транспартам агульнага карыстання паміж Беларуссю і Літвой гэта складае 66,7% і сведчыць аб тым, што ў цяперашні час менавіта гэты цягнік найбольш запатрабаваны і папулярны ў пасажыраў, якія едуць з Мінска ў Вільнюс і назад.
На думку беларускіх і літоўскіх чыгуначнікаў, ажыццяўленне сумесных праектаў ўзмоцніць канкурэнтаздольнасць чыгуначных перавозак і будзе спрыяць далейшаму павелічэнню пасажырапатоку.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2013 год