Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Маладосць і вопыт. Кіраўніцтва Беларускай чыгункі сустрэлася з актывам сэрвісных і будаўнічых студэнцкіх атрадаў

11 верасня 2023

8 верасня 2023 года адбылася сустрэча кіраўніцтва Беларускай чыгункі з актывам сэрвісных і будаўнічых студэнцкіх атрадаў, якія ў ліпені-верасні бягучага года работалі ў арганізацыях беларускай магістралі.

Сустрэча прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы ў Цэнтры кіравання перавозкамі Беларускай чыгункі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, намеснік Начальніка Беларускай чыгункі Пётр Стоцкі, старшыня Аб'яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Віктар Какора, кіраўнікі датычных службаў і аддзелаў Упраўлення Беларускай чыгункі, намеснікі начальнікаў аддзяленняў чыгункі, якія курыруюць ідэалагічную і кадравую работу, больш за 20 камандзіраў і камісараў студэнцкіх атрадаў, а таксама другі сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Аляксандр Прохараў і камісар Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ГА «БРСМ» Анастасія Яленская.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі папярэднія вынікі трэцяга працоўнага семестра студэнцкіх атрадаў, а таксама першы вопыт удзелу Беларускай чыгункі ў Рэспубліканскім сэрвісным працоўным праекце «Дарога магчымасцяў», у рамках якога хлопцы работалі праваднікамі пасажырскіх вагонаў у цягніках міжрэгіянальных і міжнародных ліній.

Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў расказаў маладым людзям аб асаблівасцях работы чыгуначнага транспарту краіны, асноўных прыярытэтах і напрамках яго развіцця, аб дзеючых праграмах сацыяльнай падтрымкі работнікаў і ветэранаў беларускай магістралі, а таксама аб прафарыентацыйнай рабоце, якая праводзіцца сярод моладзі.

Уладзімір Міхайлавіч падзякаваў прадстаўнікам студэнцкіх атрадаў за работу і важкую дапамогу арганізацыям БЧ, а таксама выказаў надзею, што пасля заканчэння навучальных устаноў, многія з іх захочуць прадоўжыць свой працоўны шлях на Беларускай чыгунцы.

У час сустрэчы адбыўся адкрыты і шчыры дыялог паміж кіраўніцтвам Беларускай чыгункі і актывам студэнцкіх атрадаў. Хлопцы падзяліліся сваімі ўражаннямі аб рабоце праваднікамі пасажырскіх вагонаў і манцёрамі пуці, а таксама адзначылі высокі ўзровень арганізацыі іх працоўнай дзейнасці, магчымасць атрымаць добры вопыт работы, зносін і новыя веды.

У сваім выступленні другі сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Аляксандр Прохараў адзначыў важную ролю студатрадаўскага руху ў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь і вялікі ўклад Беларускай чыгункі ў яго развіццё. Ён высока ацаніў сумесную плённую работу па арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў у 2023 годзе і ўручыў Начальніку беларускай магістралі Уладзіміру Марозаву падзяку Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ».

Трэба адзначыць, што студэнцкі рух на Беларускай чыгунцы з кожным годам актыўна развіваецца. Калі летась у арганізацыях чыгункі працавалі каля 230 студэнтаў і навучэнцаў, то ў гэтым годзе ‒ у 2,5 раза больш. Яны працавалі праваднікамі пасажырскіх вагонаў і манцёрамі пуці, цеслярамі і малярамі, выхавацелямі і інструктарамі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах. Пашырылася і геаграфія навучальных устаноў Рэспублікі. Калі ў 2022 годзе гэта былі хлопцы з 10 вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, то ў 2023 – ужо з больш 30.

У маі мінулага года Беларускай чыгункай і ГА «БРСМ» было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, накіраванае на развіццё узаемадзеяння па пытаннях фарміравання і прыцягнення студэнцкіх атрадаў для работы ў арганізацыях магістралі.

У бягучым годзе пры падтрымцы Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» было арганізавана папярэдняе навучанне 200 студэнтаў і навучэнцаў – удзельнікаў чыгуначных сэрвісных і будаўнічых студэнцкіх атрадаў па прафесіях «Праваднік пасажырскага вагона» і «Манцёр пуці».

Таксама ў рамках сустрэчы прадстаўнікі студэнцкіх атрадаў азнаёміліся з арганізацыяй работы Цэнтра кіравання перавозкамі беларускай магістралі.

Завяршылася мерапрыемства экскурсіяй у гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна» і ўскладаннем кветак да экспазіцыі «Наш бронецягнік...», прысвечанай працоўнаму і ратнаму подзвігу ўсіх пакаленняў чыгуначнікаў.


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2023 год