Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Дзіцячая чыгунка імя К. С. Заслонава паспяхова завяршыла 68-ы сезон летніх перавозак

26 верасня 2023

У 2023 годзе Дзіцячая чыгунка імя К.С. Заслонава работала з 30 красавіка па 24 верасня. За пяць месяцаў яе цягнікі перавезлі больш за 59 тысяч пасажыраў, што на 2,7 тысячы пасажыраў больш, чым у 2022 годзе.

Завяршыўся летні сезон перавозак урачыстай лінейкай на станцыі Заслонава 24 верасня 2023 года.

Шмат цёплых слоў гучала ў гэты дзень у адрас выхаванцаў малой Беларускай. Павіншаваў юных чыгуначнікаў з паспяховым заканчэннем сезона і першы намеснік начальніка Мінскага аддзялення чыгункі Уладзімір Шаўчэнка. За высокія паказчыкі ў тэарэтычным і практычным навучанні, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і асабісты ўклад у развіццё Дзіцячай чыгункі ён уручыў чацвярым выхаванцам малой магістралі Ганаровыя граматы УП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі».

На ўрачыстай лінейцы падвялі і вынікі конкурсу «Лепшы па прафесіі». Юныя чыгуначнікі, хто больш вызначыўся, былі адзначаны граматамі і нагруднымі значкамі «Лепшы па прафесіі» ў намінацыях «Лепшы машыніст», «Лепшы дзяжурны па станцыі», «Лепшы пуцеец» і «Лепшы праваднік », а таксама нагрудным знакам «Выдатнік Дзіцячай чыгункі».

Лепшыя выпускнікі гэтага года былі падтрыманы начальнікам малой Беларускай Максімам Маркавым памятнымі гадзіннікамі, а ўсім, хто ў 2023 годзе завяршыў сваю вучобу на Дзіцячай чыгунцы, уручылі дыпломы аб яе заканчэнні.

Усім юным чыгуначнікам, якія паспяхова прайшлі першы курс навучання, уручылі сувеніры ад Мінскага аддзялення.

Акрамя таго, традыцыйна была выбрана лепшая змена сезону. У гэтым годзе пальма першынства апынулася ў змены № 2. Дыплом пераможца і пераходзячы вымпел атрымалі інструктар Таццяна Стурліс і начальнік змены Аляксандр Сівак.

Ва ўрачыстай лінейцы таксама прыняў удзел дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа чыгуначнага транспарту імя Я.П. Юшкевіча Дзмітрый Стурліс. Ён адзначыў, што вельмі рады бачыць у навучальнай установе выпускнікоў малой Беларускай, бо гэтыя хлопцы адрозніваюцца дысцыплінаванасцю і імкненнем дасягнуць жаданых вынікаў.

У 2023 годзе 46 юнакоў і дзяўчат завяршылі навучанне на Дзіцячай чыгунцы ім. К.С. Заслонава. З іх 20 дзяцей паступілі ў чыгуначныя навучальныя ўстановы, каб у далейшым звязаць свой лёс з чыгуначным транспартам.

Нагадваем, што штогод з кастрычніка Дзіцячая чыгунка ім. К.С. Заслонава запрашае вучняў 5-7 класаў у гурток «Юны чыгуначнік». Навучанне праводзіцца бясплатна ў навучальным цэнтры ДЧ. У працэсе тэарэтычнага навучання рабят знаёмяць з асноўнымі чыгуначнымі дысцыплінамі. Заняткі праводзяцца ў спецыялізаваных навучальных класах, абсталяваных найноўшымі тэхнічнымі прыладамі, трэнажорамі, макетамі, мультымедыйным кампутарным абсталяваннем.


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2023 год