Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

З пачатку навучальнага года ў школах Беларусі адкрыюцца яшчэ шэсць транспартных класаў чыгуначнай накіраванасці

25 жніўня 2023

З 1 верасня 2023 года пачнуць сваю работу яшчэ шэсць транспартных класаў чыгуначнай накіраванасці. Яны адкрыюцца ў сярэдніх школах № 17 г. Віцебска, № 5 г. Гомеля, № 37 г. Брэста, № 186 г. Мінска, № 7 г. Жлобіна і № 4 г. Калінкавічаў.

Школьнікі транспартных класаў будуць знаёміцца з асаблівасцямі прафесіі чыгуначніка. У праграме навучання прадугледжаны экскурсіі на прадпрыемствы Беларускай чыгункі, дзе дзеці ўжывую змогуць убачыць усё тое, пра што ім будуць распавядаць на занятках педагогі.

Асноўная мэта транспартных класаў - папулярызацыя чыгуначных прафесій і стварэнне ўмоў для іх усвядомленага выбару навучэнцамі.

Дзеці, якія паспяхова скончылі транспартныя класы, змогуць атрымаць мэтавае накіраванне для паступлення ва ўстановы адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў для работы на Беларускай чыгунцы.

Усяго ў 2022/2023 навучальным годзе ў Рэспубліцы Беларусь функцыянавалі дзевяць транспартных класаў, у якіх праходзілі навучанне больш за 200 навучэнцаў сярэдніх школ гарадоў: Баранавічы, Лунінец, Ліда, Магілёў і Гомель.

C удзелам Беларускай чыгункі для транспартных класаў распрацавана праграма аб'яднання па інтарэсах «На шляху да прафесіі: асновы чыгуначнага транспарту» для навучэнцаў 8-9 класаў і вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў прафесіі чыгуначнага транспарту» для навучэнцаў 10-11 класаў.

Праграмы арыентаваны на дадатковую падрыхтоўку школьнікаў для атрымання асноўнай адукацыі па спецыяльнасцях чыгуначнай накіраванасці.

У рэалізацыі і метадычным суправаджэнні гэтых праграм будуць удзельнічаць арганізацыі Беларускай чыгункі, Дарожны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў дзяржаўнага аб'яднання «Беларуская чыгунка» і вядучыя профільныя ўстановы адукацыі: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту і яго філіялы: Брэсцкі, Аршанскі і Гомельскі каледжы, а таксама Мінскі дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту імя Я.П. Юшкевіча.


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2023 год