Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

З 1 па 10 верасня 2023 года Беларуская чыгунка правядзе акцыю «Дзеці і бяспека»

21 жніўня 2023

У пачатку навучальнага года Беларуская чыгунка ўзмоцніць кантроль за выкананнем мер бяспекі на аб'ектах чыгуначнага транспарту. Асаблівая ўвага будзе нададзена дзецям і падлеткам, якія знаходзяцца без нагляду дарослых паблізу чыгуначных пуцей, на вакзалах, станцыях і ў цягніках.

Работнікі беларускай магістралі правядуць тлумачальна-прафілактычныя гутаркі на чыгуначных вакзалах і станцыях, у працоўных калектывах прадпрыемстваў і ва ўстановах адукацыі, размешчаных у непасрэднай блізкасці ад чыгункі.

Сумесна з членамі грамадскіх фарміраванняў і супрацоўнікамі органаў унутраных спраў на аб'ектах чыгуначнага транспарту будуць арганізаваны рэйды. На вакзалах і ў цягніках грамадзян дадаткова праінфармуюць аб мерах бяспекі і правілах паводзін на чыгунцы.

Работа па папярэджанні няшчасных выпадкаў з удзелам непаўналетніх на аб'ектах чыгуначнага транспарту праводзіцца рэгулярна і знаходзіцца на асаблівым кантролі.

Нягледзячы на ўсе меры, якія прымаюцца, з пачатку года на Беларускай чыгунцы адбылося 57 выпадкаў невытворчага траўматызму, што на 5 выпадкаў менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пацярпела 58 чалавек, з якіх 2 непаўналетніх траўміраваны смяротна.

Асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў па-ранейшаму застаецца ігнараванне грамадзянамі элементарных мер бяспекі. У прыватнасці, размовы па мабільным тэлефоне і праслухоўванне музыкі ў навушніках падчас перасячэння чыгуначных пуцей, знаходжанне ў зоне павышанай небяспекі ў стане алкагольнага ап'янення, парушэнне вадзіцелямі правілаў дарожнага руху пры перасячэнні чыгуначных пераездаў і г.д.

Памятаеце, што чыгунка з'яўляецца зонай падвышанай небяспекі! Будзьце ўважлівыя і асцярожныя! Строга выконвайце меры бяспекі і выконвайце існуючыя на чыгуначным транспарце правілы! Беражыце сябе і сваіх блізкіх!


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2023 год