2 красавіка 2022 года міжнароднаму фірменнаму цягніку № 2/1 Мінск–Масква «Беларусь» спаўняецца 60 гадоў
01 красавіка 2022
Сімвалічна, што юбілей фірменнага цягніка Беларускай чыгункі № 2/1 Мінск–Масква «Беларусь» супадае з святкаваннем Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.
За 60 гадоў курсіравання гэтага цягніка ў зносінах Мінск–Масква–Мінск на ім праехалі больш за 11 мільёнаў пасажыраў. У 2021 годзе пасажырамі цягніка сталі каля 200 тысяч жыхароў Беларусі і Расіі.
Рашэнне аб запуску фірменнага цягніка было прынята ў Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Савецкага Саюза ў Маскве. Састаў першага цягніка быў сфармаваны з вагонаў Маскоўскай чыгункі і перададзены ў эксплуатацыю беларускай магістралі. Прыёмка цягніка ў Маскве праходзіла пад кіраўніцтвам начальніка цягніка Віктара Міхайлавіча Ходаша – патомнага чыгуначніка з вялікім вопытам работы.
2 красавіка 1962 года фірменны цягнік Беларускай чыгункі ўрачыста адправіўся ў першы рэйс з Масквы ў Мінск. На яго вагонах размяшчаліся надпісы «Масква–Мінск» і «Экспрэс». Праз некаторы час у гэтым жа годзе цягнік атрымаў афіцыйную назву «Беларусія».
Першы састаў цягніка абслугоўвалі дзве брыгады: ад Мінска да Масквы – беларуская, ад Масквы да Мінска – расійская. Неўзабаве Беларускай чыгунцы перадалі другі састаў фірменнага цягніка, і ён цалкам перайшоў на абслугоўванне цягніковымі брыгадамі беларускай магістралі.
Па маршруце курсіравалі два саставы цягніка, якія складаюцца з 16 вагонаў.
Фірменны цягнік «Беларусія» хутка стаў папулярным. Ён славіўся сваім бездакорным сэрвісам, чысцінёй і ўтульнасцю ў вагонах, прафесіяналізмам і добразычлівасцю праваднікоў. Сярод пасажыраў цягніка былі вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы, зоркі эстрады, тэатра і кіно, выдатныя спартсмены.
У красавіку 1994 года па рашэнню Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў-удзельніц Садружнасці цягніку была прысвоена сучасная назва «Беларусь» і пацверджаны статус «фірменны», які ў цяперашні час пацвярджаецца адзін раз у пяць гадоў.
Сёння фірменны цягнік «Беларусь» – гэта візітная картка Беларускай чыгункі і нашай краіны. Ён штодня курсіруе па маршруце Мінск–Масква–Мінск, пераадольваючы адлегласць у 750 км за 10 гадзін. Расклад руху цягніка складзены з улікам камфортнага часу адпраўлення і прыбыцця для пасажыраў: увечары цягнік адпраўляецца з вакзала станцыі Мінск–Пасажырскі ў 22-10 і прыбывае ў Маскву ў 08-15. У зваротным кірунку цягнік адпраўляецца ў 22-10 і прыбывае ў сталіцу Беларусі ў 7-25. У дарозе цягнік робіць тры прыпынкі: у Оршы, Смаленску і Вязьме.
У саставе цягніка курсіруе плацкартныя, купэйныя і вагоны СВ, а таксама вагон-рэстаран.
У вагонах цягніка для пасажыраў створаны ўсе неабходныя ўмовы, якія дазваляюць зрабіць паездку максімальна камфортнай і прыемнай. Вагоны абсталяваны сучаснымі сістэмамі кандыцыяніравання, асвятлення, абагравання, аўдыё-відэаапаратурай, электроннымі табло, халадзільнікамі, мікрахвалевымі печамі і многім іншым. Інтэр'еры купэ распрацаваны з улікам сучасных патрабаванняў дызайну і эрганомікі, з выкарыстаннем экалагічна чыстых і бяспечных матэрыялаў.
У дарозе пасажыры могуць набыць чай, каву, кандытарскія вырабы, сокі, гарачыя наборы харчавання і інш. У вагоне-рэстаране прадстаўлены шырокі асартымент страў і напояў беларускай кухні, якія па жаданні пасажыра даставяць у купэ.
У фірменным цягніку «Беларусь» работаюць лепшыя моладзевыя брыгады праваднікоў, атэставаныя на права абслугоўвання фірменных цягнікоў.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2022 год