Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

23 жніўня 2021 года на Беларускай чыгунцы стартуе акцыя «Дзеці і бяспека»

19 жніўня 2021

Напярэдадні навучальнага года, з 23 жніўня па 5 верасня 2021 года, Беларуская чыгунка правядзе акцыю «Дзеці і бяспека». Яе мэта – прыцягнуць увагу бацькоў і падлеткаў да праблемы няшчасных выпадкаў з удзелам непаўналетніх на аб'ектах чыгуначнага транспарту і прадухіліць іх.

У перыяд правядзення акцыі будзе ўзмоцнены кантроль за выкананнем мер бяспекі на аб'ектах чыгуначнага транспарту. Работнікі БЧ сумесна з членамі грамадскіх фарміраванняў, супрацоўнікамі органаў унутраных спраў арганізуюць рэйды, падчас якіх нададуць асаблівую ўвагу дзецям і падлеткам, якія знаходзяцца без нагляду дарослых паблізу чыгуначных пуцей, на вакзалах, станцыях і ў цягніках. Таксама на вакзалах і ў цягніках грамадзян дадаткова праінфармуюць аб мерах бяспекі пры знаходжанні на аб'ектах чыгуначнага транспарту, правядуць тлумачальна-прафілактычную работу ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і ва ўстановах адукацыі, размешчаных у непасрэднай блізкасці ад чыгункі.

Работа па папярэджанні няшчасных выпадкаў з удзелам непаўналетніх на аб'ектах чыгуначнага транспарту праводзіцца рэгулярна і знаходзіцца на асаблівым кантролі.

У мэтах забеспячэння грамадскага парадку на аб'ектах чыгуначнага транспарту на 109 прадпрыемствах БЧ створаны добраахвотныя дружыны. За 6 месяцаў 2021 года іх работнікамі ва ўзаемадзеянні з праваахоўнымі органамі і Ваенізаванай аховай праведзены больш за 2,5 тыс. рэйдаў, адроблены больш за 350 аб'ектаў чыгуначнай інфраструктуры. Таксама арганізавана больш за 3 тыс. выступленняў па пытаннях выканання правілаў бяспекі на чыгуначным транспарце. Ахоп насельніцтва склаў каля 158 тыс. грамадзян, больш за 106 тыс. з якіх – непаўналетнія. Распаўсюджаны больш за 23 тыс. прафілактычных памятак.

У рамках тэхнічных мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі грамадзян у першым паўгоддзі гэтага года Беларускай чыгункай пабудаваны 5 пешаходных пераходаў, зроблены капітальны рамонт 4 пасажырскіх платформаў і 15 пешаходных пераходаў, капітальны рамонт 18 і асфальтаванне альбо ямачны рамонт праезнай часткі на 162 чыгуначных пераездах, палепшана асвятленне на 45 пасажырскіх платформах і 33 чыгуначных пераездах, устаноўлена больш за 1 тысячу плакатаў па мерах бяспекі на аб'ектах чыгуначнага транспарту.

Нягледзячы на ўсе прымаемыя меры, з пачатку года на Беларускай чыгунцы адбылося 63 выпадкі невытворчага траўматызму, што адпавядае ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. Пацярпелі 63 чалавекі (3 з іх – непаўналетнія, з якіх адзін загінуў): загінулі 36 грамадзян і 27 траўміраваны. Каля 60% пацярпелых знаходзіліся на аб'ектах чыгуначнага транспарту ў стане алкагольнага ап'янення.

Асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў па-ранейшаму застаецца ігнараванне грамадзянамі элементарных мер бяспекі. У прыватнасці, знаходжанне ў зоне павышанай небяспекі ў стане алкагольнага ап'янення, размовы па мабільным тэлефоне і праслухоўванне музыкі ў навушніках падчас перасячэння чыгуначных пуцей, парушэнне вадзіцелямі правілаў дарожнага руху пры перасячэнні чыгуначных пераездаў і г. д.

Беларуская чыгунка заклікае грамадзян быць больш уважлівымі на аб'ектах чыгуначнага транспарту і выконваць неабходныя меры бяспекі.


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2021 год