Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка адкрыла рэгулярны рух электрацягнікоў па маршруце Светлагорск–Жлобін–Мінск

21 чэрвеня 2020

Цырымонія адкрыцця адбылася 21 чэрвеня 2020 года на станцыі Светлагорск-на-Бярэзіне з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

У ходзе мерапрыемства Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў далажыў Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку «Аб развіцці Беларускай чыгункі і перспектывах яе электрыфікацыі».

Адкрыццё рэгулярнага руху электрацягнікоў па маршруце Светлагорск—Жлобін—Мінск накіравана на ўмацаванне транспартных сувязей і актывізацыю развіцця Гомельскага і Мінскага рэгіёнаў, павышэнне якасці абслугоўвання пасажыраў.

Жыхарам Светлагорска прадастаўлена магчымасць штодзённага праезду ў ранішні і вячэрні час у сталіцу і назад на камфартабельных электрацягніках. Для арганізацыі пасажырскіх зносін, якія звяжуць Светлагорск са Жлобінам і Мінскам, распрацаваны графік руху цягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа. Перавозкі будуць ажыццяўляцца сучаснымі саставамі еўрапейскага ўзроўню ЭПР, якія ўжо здабылі папулярнасць у жыхароў і гасцей нашай краіны. На Беларускай чыгунцы цягнікі дадзенай серыі эксплуатуюцца з 2011 года.

Электрацягнік ЭПР рэгіянальных ліній бізнес-класа складаецца з 5 вагонаў, у якіх змогуць размясціцца 302 пасажыры. Сярод пераваг цягніка — паніжаная падлога, якая дазваляе хутка ажыццяўляць пасадку і высадку пасажыраў, светлыя і прасторныя салоны, абсталяваныя сістэмай кандыцыяніравання. Для зніжэння страт цяпла пры пасадцы і высадцы пасажыры самі адкрываюць патрэбныя дзверы націскам кнопкі.

У салонах электрацягніка ўстаноўлены мяккія сядзенні па сістэме «3+2» з дадатковымі паліцамі для ручной паклажы і багажу. У адным з вагонаў абсталяваная шматфункцыянальная зона для пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а таксама для пасажыраў з дзіцячымі каляскамі, веласіпедамі і буйнагабарытным багажом. У салонах электрацягніка ўстаноўлены сістэмы відэаінфармавання пасажыраў і відэаназірання, арганізаваны доступ да сеткі інтэрнэт па тэхналогіі Wi-Fi, пад сядзеннямі ёсць электрычныя разеткі для зарадкі гаджэтаў. Цягнік абсталяваны туалетнымі комплексамі вакуумнага тыпу.

Са Светлагорска ў першы рэйс цягнік № 754 Светлагорск-на-Бярэзіне—Мінск адправіцца 21 чэрвеня ў 19:04 і прыбудзе ў сталіцу Беларусі ў 21:44. З Мінска цягнік № 754 Мінск—Светлагорск-на-Бярэзіне ўпершыню адправіцца 26 чэрвеня ў 15:50 і прыбудзе ў Светлагорск у 18:47. Далей гэтыя цягнікі будуць курсіраваць па пятніцах, суботах і нядзелях.

Для арганізацыі штодзённай перавозкі пасажыраў па маршруце Светлагорск—Жлобін—Мінск прадугледжана курсіраванне цягніка № 756. З Мінска цягнік № 756 Мінск—Светлагорск-на-Бярэзіне адправіцца ў першы рэйс 21 чэрвеня ў 20:48 і прыбудзе ў Светлагорск у 23:47. У адваротным кірунку цягнік адправіцца са Светлагорска 22 чэрвеня ў 05:01 і прыбудзе ў Мінск у 07:53.

Па маршруце руху цягнікоў прадугледжаны прыпынкі на станцыях Жлобін, Бабруйск, Асіповічы-1, Пухавічы.

Кошт праезду на электрацягніках рэгіянальных ліній бізнес-класа ЭПР па дадзеным маршруце складае 9 рублёў 4 капейкі. Праязныя дакументы (білеты) можна аформіць у адзіным раздзеле «Паслугі пасажырам» на афіцыйным сайце Беларускай чыгункі (pass.rw.by), у мабільным дадатку «БЧ. Мой поезд», а таксама ў чыгуначных касах.

Таксама ў мэтах умацавання транспартных сувязяў у Гомельскім рэгіёне з 21 чэрвеня дадаткова прадугледжана курсіраванне двух пар цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа (саставамі электрацягнікоў ЭР9) па маршруце Гомель—Светлагорск—Гомель.

Штодзённы цягнік № 6459/6460 Гомель—Светлагорск-на-Бярэзіне—Гомель будзе адпраўляцца з Гомеля ў 14:35 і прыбываць у Светлагорск у 17:12. Са Светлагорска цягнік адправіцца ў 17:24 і прыбудзе ў Гомель у 20:29.

Па суботах і нядзелях з 27 чэрвеня прызначаецца цягнік № 6457/6458 Гомель—Светлагорск-на-Бярэзіне—Гомель адпраўленнем з Гомеля ў 11:54 і прыбыццём у Светлагорск у 14:43. Са Светлагорска цягнік будзе адпраўляцца ў 14:55 і прыбываць у Гомель у 18:04.

Адкрыццё рэгулярнага руху электрацягнікоў па маршруце Светлагорск—Жлобін—Мінск стала магчымым дзякуючы завяршэнню электрыфікацыі на ўчастку Жлобін—Падольскі—Светлагорск-на-Бярэзіне. Гэта адзін з этапаў рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па электрыфікацыі ўчастка Жлобін—Калінкавічы—Барбароў агульнай працягласцю 141 км, які плануецца завяршыць да канца 2021 года. Рэалізацыя гэтага праекта дасць магчымасць давесці долю электрыфікаваных участкаў да 25% ад агульнай працягласці чыгуначных ліній і арганізаваць у перспектыве на ўсім працягу гэтага ўчастка рух пасажырскіх і грузавых цягнікоў на электравознай цязе.

Праект па электрыфікацыі ўчастка Жлобін—Калінкавічы—Барбароў беларуская магістраль рэалізуе сумесна з кітайскімі партнёрамі. Паміж Беларускай чыгункай і Кітайскай кампаніяй па экспарту і імпарту электраабсталявання (CUEC) быў падпісаны кантракт будаўнічага падраду па аб'екце «Электрыфікацыя ўчасткаў Гомель—Жлобін—Асіповічы і Жлобін—Калінкавічы. 3-я чарга. Участак Жлобін—Калінкавічы». Фінансаванне работ ажыццяўляецца за кошт уласных сродкаў Беларускай чыгункі (15% ад сумы кантрактаў) і крэдытных рэсурсаў Экспартна-імпартнага банка Кітая (85% ад сумы кантрактаў). Кошт будаўніцтва ўчастка Жлобін—Калінкавічы—Барбароў складае 77,3 млн еўра, у тым ліку крэдытныя рэсурсы Эксімбанка Кітая 65,7 млн еўра.

У цяперашні час на станцыях і перагонах участкаў Светлагорск-на-Бярэзіне—Калінкавічы—Барбароў працягваюцца планавыя работы па рэканструкцыі сетак электразабеспячэння, будаўніцтву сетак сувязі і дыстанцыйнага кіравання ўстройствамі тэхналагічнага электразабеспячэння. Завяршаецца ўстаноўка апор кантактнай сеткі на ўчастку Калінкавічы—Барбароў. Працягваецца будаўніцтва двух цягавых падстанцый.

Прагназіруецца, што пасля завяршэння электрыфікацыі на ўчастку Жлобін—Калінкавічы—Барбароў выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу знізяцца на 900 тон у год. Таксама электрыфікацыя будзе садзейнічаць скарачэнню эксплуатацыйных расходаў на інфраструктуру і цягавы рухомы састаў, і перш за ўсё скарачэнне затрат на набыццё дызельнага паліва.

ДАВЕДАЧНА

Электрыфікацыя — адзін з найважнейшых інвестыцыйных праектаў Беларускай чыгункі. У 1963 годзе быў электрыфікаваны першы ўчастак Беларускай чыгункі — Мінск—Аляхновічы.

З 2011 года на беларускай магістралі працягласць электрыфікаваных участкаў павялічылася на 277 кіламетраў і сёння складае 1228 км або 22,5% ад агульнай працягласці чыгуначных ліній. Электрыфікаваныя ўчасткі Гомель—Жлобін—Асіповічы, Маладзечна—Гудагай—дзяржмяжа з Літвой.

Да 2030 года плануецца поўнасцю электрыфікавать асноўныя грузанапружаныя ўчасткі, каб максімальна выкарыстоўваць эканамічную эфектыўнасць перавозкі грузаў і пасажыраў на электравознай цязе.

Зыходзячы з грузанапружанасці ўчасткаў Беларускай чыгункі, перспектыўным участкам для электрыфікацыі з'яўляецца ўчастак Баранавічы—Лунінец—Калінкавічы.

Выкарыстанне інавацыйнага рухомага саставу на электрыфікаваных участках павышае хуткасць і камфорт транспартных зносін, ўплывае на эфектыўнасць эканамічных сувязяў і мабільнасць насельніцтва, скарачае час знаходжання ў дарозе.


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Фота прадастаўлены тэлеграфным агенцтвам БелТА

Да спісу навін за 2020 год