Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Дзіцячая чыгунка рыхтуецца да адкрыцця 65-га сезона летніх перавозак

25 мая 2020

9 ліпеня Дзіцячай чыгунцы імя К.С. Заслонава споўніцца 65 гадоў. У гэты дзень у 1955 годзе па «Малой Беларускай» – менавіта так часта называюць Дзіцячую чыгунку – у свой першы рэйс адправіўся паравоз з вагонамі, пасажырамі якога сталі школьнікі і ганаровыя госці.

У цяперашні час на Дзіцячай чыгунцы завяршаецца комплекс работ па падрыхтоўцы да святкавання 65-годдзя, у выніку якіх зменіцца знешняе аблічча вакзала на станцыі Заслонава, а ў зале чакання з'явіцца шмат тэхнічных навінак, якія будуць цікавыя юным пасажырам і іх бацькам.

Урачыстае адкрыццё 65-га юбілейнага сезона на Дзіцячай чыгунцы плануецца напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб будаўніцтве ў Мінску Дзіцячай чыгункі было прынята ў цяжкі пасляваенны час, калі сталіцу яшчэ працягвалі аднаўляць з руін. У гэты перыяд асабліва важна было арганізаваць вольны час падлеткаў, стварыць умовы для прафесійнай арыентацыі моладзі і выхавання будучых пакаленняў чыгуначнікаў.

Зараз Дзіцячая чыгунка імя К.С. Заслонава ўяўляе сабой унікальны адукацыйны комплекс,які адначасова спалучае ў сабе функцыі сапраўднага чыгуначнага прадпрыемства і ўстановы прафесійнай падрыхтоўкі і дадатковай адукацыі дзяцей.

З восені да вясны ў Вучэбным цэнтры Дзіцячай чыгункі больш за 400 навучэнцаў сярэдніх школ г. Мінска і Мінскай вобласці бясплатна праходзяць тэарэтычнае навучанне розным чыгуначным прафесіям, вывучаюць будову лакаматываў, вагонаў, пуцявой гаспадаркі, асновы арганізацыі руху цягнікоў, сігналізацыі і сувязі. Кожны год рабяты з нецярпеннем чакаюць летняй цягніковай практыкі, каб замацаваць свае веды ў рэальных умовах, зрабіць яшчэ адзін крок на шляху да мары.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2020 год