Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

БЧ да 75-годдзя Перамогі ўпрыгожыць вакзалы і правядзе акцыі, выпусціць тэматычныя паштоўкі і арганізуе для пасажыраў канцэрт Прэзідэнцкага аркестра

10 сакавіка 2020

Беларускай чыгункай распрацаваны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

У адпаведнасці з планам на працягу ўсяго 2020 года на чыгунцы будуць арганізаваны тэматычныя праекты сацыяльнай накіраванасці, творчыя конкурсы, культурныя мерапрыемствы і спартыўныя спаборніцтвы. Напярэдадні свята ва ўсіх працоўных калектывах магістралі адбудуцца ўрачыстыя сходы і святочныя канцэрты. Тэматычныя праграмы падрыхтуюць артысты культурна-спартыўных цэнтраў чыгункі, з якімі выступяць 9 мая і 3 ліпеня на чыгуначных вакзалах у гарадах: Мінску, Брэсце, Баранавічах, Гродна, Гомелі, Магілёве, Віцебску і Оршы.

Акрамя таго, да 9 мая ўсе найбуйнейшыя чыгуначныя вакзалы краіны набудуць святочны ўрачысты выгляд. У будынках з'явяцца тэматычныя інфармацыйныя плакаты, стэнды і расцяжкі. Таксама з 1 па 9 мая і з 26 чэрвеня па 3 ліпеня на ўсіх вакзалах будуць гучаць віншаванні з Днём Перамогі і з Днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А для пасажыраў вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі 6 мая прыемным сюрпрызам стане выступленне Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.

З 1 па 10 мая на чыгуначных вакзалах пройдзе акцыя «Павіншуй родных разам з БЧ», прысвечаная 75-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У гэтыя дні пры куплі білетаў у касах Беларускай чыгункі ў гарадах: Мінску, Брэсце, Баранавічах, Гродна, Гомелі, Магілёве і Віцебску пасажырам будуць прапаноўваць арыгінальныя паштоўкі, ілюстраваныя работамі дзяцей чыгуначнікаў, – удзельнікаў конкурсу на лепшы малюнак пра гераічнае мінулае працаўнікоў сталёвай магістралі у гады вайны. Іх можна будзе падпісаць і адправіць прама на вакзале родным і сябрам, калегам і ўсім тым, каму ў гэтыя дні хочацца адрасаваць самыя цёплыя словы віншаванняў. Паштоўкі выпушчаныя абмежаваным тыражом.

Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя подзвігу чыгуначнікаў, адбудуцца 9 мая і 3 ліпеня на Дзіцячай чыгунцы імя К.С. Заслонава.

Таксама да 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне Беларуская чыгунка сумесна з дабрачынным фондам «Памяць Афгана» на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна» запланавала ўрачыстае мерапрыемства на экспазіцыі «Наш бронецягнік ...», прысвечанае працоўнаму і ратнай подзвігу чыгуначнікаў.

Да знакавай даты прымеркаваны і чыгуначны фотаконкурс, а таксама фестываль народнай творчасці «Нам свет завешчана берагчы», тэматычныя выстаўкі і экспазіцыі ў музеях гісторыі Беларускай чыгункі.

Сярод пазаштатных аўтараў галіновага выдання «Чыгуначнік Беларусі» праходзіць конкурс на лепшую публікацыю, прысвечаную святкаванню 75-гадовай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, вынікі якога будуць абвешчаны напярэдадні 9 мая. У выданні арганізавана тэматычная рубрыка «Да 75-годдзя Вялікай Перамогі», у якой на працягу ўсяго года публікуюцца матэрыялы пра падзеі ваенных гадоў, подзвігі ветэранаў-франтавікоў, чыгуначную тэхніку, інтэрв'ю-успаміны ўдзельнікаў вайны.

У карпаратыўных відэанавінах на сайце Беларускай чыгункі, а таксама ў эфіры тэлеканалаў «Гродна Плюс» (г. Гродна), «Скіф» (г. Орша), «Першы гарадскі» (г. Гомель), «Другі канал» (г. Магілёў), «Інтэкс» (г. Баранавічы) і «Маладзечанскае тэлебачанне МКТВ» (г. Маладзечна) рэгулярна на працягу года выходзяць сюжэты, прысвечаныя 75-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Таксама прадугледжана правядзенне дабрачынных акцый «Добрае сэрца – ветэранам», «Ваша Перамога – наша свабода», «Ветэран жыве побач», «Моладзь – ветэранам!», сустрэч і гутарак з удзельнікамі вайны і працаўнікамі тылу ў працоўных калектывах з удзелам членаў галіновага камітэта ГА «БРСМ» Беларускай чыгункі.

Трэба адзначыць, што БЧ надае вялікую ўвагу захаванню памяці аб подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, укладзе чыгуначнікаў у перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, шануе баявыя і працоўныя традыцыі.

Сёння на ўліку ў арганізацыях Беларускай чыгункі стаяць больш за 33 тысячы ветэранаў-чыгуначнікаў, 188 з якіх – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

Адным з найважнейшых прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі БЧ з'яўляецца ўвага і падтрымка ветэранаў вайны і працы. У рамках Комплекснай праграмы «Клопат», якая рэалізуецца на магістралі, ажыццяўляецца абследаванне сацыяльна-бытавых умоў пражывання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, за адзінокімі і тымі, хто мае патрэбу ў доглядзе, замацаваны члены пярвічных арганізацый ГА «БРСМ», сёстры міласэрнасці Чыгуначнай арганізацыі Чырвонага Крыжа, якія рэгулярна аказваюць ім усю неабходную дапамогу.

Чыгуначнікі свята шануюць і захоўваюць памяць пра неўміручы подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і падтрымліваюць у належным эстэтычным стане больш за 180 памятных месцаў і абеліскаў вайсковай славы, размешчаных на тэрыторыі Беларускай чыгункі.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2020 год