Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

15–16 кастрычніка ў Мінску пройдзе 71-е пасяджэнне Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў-удзельніц Садружнасці

04 кастрычніка 2019

Беларуская чыгунка выступае арганізатарам мерапрыемства. Рашэнне аб правядзенні 71-га пасяджэння Савета было прынята на 70-м пасяджэнні Савета, якое прайшло у маі бягучага года ў г. Хельсінкі (Фінляндская Рэспубліка).

Беларуская чыгунка ў сёмы раз прымае Савет па чыгуначным транспарце.

Сімвалічна, што 14 лютага 1992 г. у г. Мінску кіраўнікамі ўрадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў было падпісана «Пагадненне аб каардынацыйных органах чыгуначнага транспарту Садружнасці Незалежных Дзяржаў», якім быў заснаваны Савет па чыгуначным транспарце.

Усяго з моманту стварэння Савета Беларуская чыгунка была арганізатарам 5-га пасяджэння Савета (кастрычнік 1992 г., г. Мінск), 14-га (снежань 1995, г. Віцебск), 25-га (лістапад 1999 г., г. Брэст), 39-га (лістапад 2004 года, г. Мінск), 50-га (май 2009 г., г. Мінск), 62-га (май 2015 г., г. Мінск).

Беларуская магістраль з'яўляецца важным звяном транспартнага комплексу краіны, паспяхова канкурыруе з іншымі відамі транспарту і забяспечвае парадку 65% агульнага аб'ёму грузаабароту і 28% пасажыраабароту ўсіх відаў транспарту агульнага карыстання ў рэспубліцы. Удзельная вага чыгуначнага транспарту ў экспарце транспартных паслуг рэспублікі складае 56%.

Інфраструктура чыгункі дае магчымасць штосутачна прымаць і адпраўляць па міждзяржаўных стыкавых пунктах больш за 200 пар цягнікоў, пры гэтым маецца патэнцыял для нарошчвання аб'ёмаў перавозак.

На сучасным этапе прыярытэтнымі напрамкамі развіцця Беларускай чыгункі з'яўляюцца ўдасканаленне дзеючых і ўкараненне новых тэхналогій перавозак грузаў і пасажыраў, мадэрнізацыя чыгуначнай інфраструктуры, развіццё транспартна-лагістычнага бізнесу, набыццё сучаснага рухомага саставу.

Беларуская чыгунка паспяхова рэалізуе шэраг маштабных інвестыцыйных праектаў. За апошнія гады электрыфікаваны ўчасткі Гомель–Жлобін–Асіповічы, Маладзечна–Гудагай–дзяржмяжа з Літвой. Гэта дазволіла арганізаваць у межах Беларускай чыгункі скразны рух пасажырскіх і грузавых цягнікоў на электрацязе як у напрамку рэгіёны Расійскай Федэрацыі-Калінінградская вобласць, так і ў паўднёвым кірунку Літва–Беларусь–Украіна.

З мая 2018 года чыгунка вядзе работы па электрыфікацыі ўчастка Жлобін–Калінкавічы. А на перспектыву – да 2030 года ў планах Беларускай чыгункі цалкам электрыфікаваць асноўныя грузанапружаныя ўчасткі, каб максімальна выкарыстоўваць эканамічную эфектыўнасць перавозкі грузаў і пасажыраў на электравознай цязе.

Рэалізуюцца праекты па ўкараненні прылад мікрапрацэсарнай цэнтралізацыі на Гомельскім і Калінкавіцкім чыгуначных вузлах.

Беларуская чыгунка развівае інфраструктуру і павялічвае перапрацоўчыя магутнасці станцый на беларуска-польскіх пагранпераходах. У жніўні 2019 года завершана мадэрнізацыя кантэйнернага тэрмінала станцыі Брэст-Паўночны. Сярэднесутачная перапрацоўчая здольнасць па перагрузу кантэйнераў павялічана ў 1,5 разы, плошчы захоўвання кантэйнераў – у 2 разы.

Працягваецца рэалізацыя інвестыцыйных праектаў па развіцці грузавых тэрміналаў Баранавіцкага грузавога цэнтра транспартнай лагістыкі на станцыях Брузгі і Свіслач.

На завяршальнай стадыі знаходзіцца рэалізацыя важнага для Беларускай чыгункі праекта па будаўніцтве будынка Цэнтра кіравання перавозкамі. Гэта стане чарговым крокам у рэалізацыі лічбавых тэхналогій.

Таксама Беларуская чыгунка развівае цыфравізацыю грузавой і камерцыйнай працы, аснову якой складае аўтаматызаваная сістэма «Электронная перавозка». Сёння беларуская магістраль працуе па электронных перавозачных дакументах з чыгуначнымі кампаніямі Расіі, Літвы і Латвіі.

Рэалізавана «беспапяровая» падача заявак на перавозку грузаў і афармленне перавозачных дакументаў.

Плануючы сваё далейшае развіццё, Беларуская чыгунка каардынуе свае дзеянні з суседнімі чыгуначнымі адміністрацыямі як на сярэднетэрміновую, так і доўгатэрміновую перспектыву.

Расійскія чыгункі традыцыйна з’яўляюцца для БЧ стратэгічным партнёрам. Сумесна рэалізуюцца праекты па арганізацыі грузавых і пасажырскіх перавозак. У партнёрстве з расійскімі і казахстанскімі чыгункамі на парытэтнай аснове створана Аб'яднаная транспартна-лагістычная кампанія, якая забяспечвае лагістыку на «прасторы 1520». У рамках праекта «ОТЛК ЕРА» ажыццяўляецца комплексны сэрвіс па арганізацыі перавозак кантэйнераў у зносінах Кітай–Еўропа–Кітай.

Беларуская чыгунка актыўна ўзаемадзейнічае з Латвійскімі чыгункамі. Так, паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Латвіі вызначаны план мерапрыемстваў, які прадугледжвае прапрацоўку на ўзроўні міністэрстваў транспарту пытання аб мэтазгоднасці электрыфікацыі участкаў чыгунак паміж Беларуссю і Латвіяй. Працягваецца работа па арганізацыі курсіравання грузавога экспрэс-цягнікі Мінск–Рыга–Мінск, кантэйнернага цягніка «ZUBR», які злучае парты Балтыйскага і Чорнага мораў. А таксама праца па развіцці чыгуначных пасажырскіх перавозак паміж сталіцамі Беларусі і Латвіі. У 2021 годзе ў г. Мінску і г. Рызе пройдзе Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай.

Важным напрамкам па перавозцы грузаў для Беларускай чыгункі з'яўляецца літоўскі кірунак. Добрым прыкладам супрацоўніцтва з'яўляецца праект цягніка камбінаванага транспарту «Вікінг», які аб'яднаў краіны Балтыі і Скандынавіі з краінамі Чарнаморскага рэгіёну. Пачалася рэалізацыя новага сумеснага праекта кантэйнернага цягніка «Containerships train» у зносінах Літва–Беларусь–Украіна.

З 2017 года паміж Мінскам і Вільнюсам арганізаваны рух грузавых і пасажырскіх цягнікоў на электравознай цязе.

З чыгункамі Украіны беларуская магістраль супрацоўнічае па пытаннях развіцця грузавых перавозак, перш за ўсё кантэйнерных, у зносінах Чорнае мора–Балтыйскае мора, у тым ліку цягніком камбінаванага транспарту «Вікінг» і кантэйнерным цягніком «ZUBR». Беларуская чыгунка зацікаўлена ў практычнай рэалізацыі па ўкараненні беспапяровай лічбавай тэхналогіі пропуску вагонаў на міждзяржаўных стыках.

Рэалізаваны праект пасажырскага цягніка «чатыры сталіцы» № 31/32 Кіеў–Мінск–Вільнюс–Рыга.

Беларуская чыгунка актыўна ўдзельнічае ў ажыццяўленні шэрагу міжнародных праектаў па рэалізацыі кантэйнерных перавозак па напрамках Поўнач–Поўдзень і Усход–Захад. Найважнейшым і перспектыўным напрамкам з'яўляецца развіццё кантэйнерных перавозак у зносінах з Кітаем па новым Шаўковым шляху.

У кароткатэрміновай перспектыве прагназуецца дынаміка росту аб'ёмаў кантэйнерных перавозак. Да 2020 года ў напрамку Усход–Захад–Усход – больш за 500 тыс. кантэйнераў у ДФЭ, а да 2025 года – 1 млн кантэйнераў у ДФЭ у год.

Устойліваму развіццю перавозак кантэйнернымі цягнікамі ў еўраазіяцкіх зносінах спрыяе Пагадненне, якое аб'ядноўвае намаганні чыгунак 7 краін: Беларусі, Германіі, Польшчы, Расіі, Казахстана, Манголіі і Кітая.

Беларуская чыгунка зацікаўлена ва ўдасканаленні міжнародных пасажырскіх перавозак і павышэнні іх канкурэнтаздольнасці. З гэтай мэтай на чыгунцы абнаўляецца рухомы састаў. За апошнія два гады набыта 50 пасажырскіх вагонаў, якія курсіруюць у складзе міжнародных цягнікоў па найбольш запатрабаваных кірунках. Да канца 2020 года плануецца закупіць 3 дызель-цягніка серыі ДП-6, а да 2022 года – 10 сучасных электрацягнікоў серыі ЭП.

Сёння пасажырскія чыгуначныя зносіны звязваюць Беларусь з Парыжам, Ніцай, Берлінам, Варшавай, Прагай, Венай, а таксама сталіцамі і адміністрацыйнымі цэнтрамі Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Казахстана.

Вялікую ўвагу Беларуская чыгунка надае працы па ўкараненні сучасных тэхналогій, якія накіраваны на павышэнне якасці абслугоўвання пасажыраў.

Так, у чэрвені 2019 года ў цягніках гарадскіх ліній упершыню ў краінах СНД у чыгуначным транспарце арганізавана аплата праезду ў рэжыме самаабслугоўвання з выкарыстаннем бескантактавых банкаўскіх картак, а таксама смартфонаў, смарт-гадзіннікаў і іншых мабільных прылад, якія падтрымліваюць тэхналогію NFC (Near field communication).

Доступам да Інтэрнэту па сістэме Wi-Fi аснашчаны ўсе чыгуначныя вакзалы краіны, а таксама цягнікі міжрэгіянальных і рэгіянальных ліній бізнес-класа, цягнікі гарадскіх ліній.

З 2018 года на чыгунцы дзейнічае адзіны Кантакт-цэнтр Беларускай чыгункі, які дазваляе кругласутачна прадстаўляць пасажырам усю неабходную інфармацыю па арганізацыі пасажырскіх перавозак. Пры гэтым пасажырам даступна 5 каналаў сувязі: тэлефон, электронная пошта, відэазванкі з тэрміналаў на вакзалах і месенджэры.

Беларускай чыгункай распрацавана і ўкаранёна сістэма продажу электронных праязных дакументаў на цягнікі з нумараванымі і ненумараванымі месцамі ва ўсіх відах зносін.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2019 год