Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Каманда Беларускай чыгункі перамагла на турніры па інтэлектуальных гульнях сярод кампаній-карпаратыўных кліентаў ААТ «АСБ «Беларусбанк»

19 чэрвеня 2019

У зборную каманду Беларускай чыгункі «Міколка-паравоз» увайшлі работнікі Упраўлення дарогі — Дзмітрый Казуцін (капітан), Аляксандр Азарка, Канстанцін Гедрыс, Юрый Жура і Мінскага аддзялення магістралі — Андрэй Халецкі і Кірыл Шкурын. Сапернікамі чыгуначнікаў сталі каманды, якія прадстаўляюць Міністэрства фінансаў, ААТ «Белшына», Беларускі металургічны завод, «Белтэлекам», «Беларуськалій», Мінскі аўтамабільны завод, Мазырскі НПЗ, РУП «Мінскэнерга», ТАА «Еўрагандаль», ТАА «АСБ Лізінг» і іншыя. Усяго на карпаратыўны турнір прыбылі 19 каманд, больш за сотню ўдзельнікаў з розных куткоў Беларусі. Гульнявую пляцоўку арганізавалі прама ў фае галаўнога офіса банка.

На працягу 6 тураў гульцы адказвалі на разнастайныя пытанні. Было забаронена карыстацца любымі гаджэтамі, а таксама быў устаноўлены дакладны ліміт часу на здачу пісьмовага адказу. Гісторыя і культура, выяўленчае мастацтва і надзённыя тэмы, логіка і агульная эрудыцыя — кожны з этапаў дастаўляў свае складанасці. Да прыкладу, было трэба разабрацца ў акцёрах несмяротнай франшызы пра Джэймса Бонда, сумясціць вобразы з кубікаў LEGO c кавер-версіямі на песні вядомых груп, зразумець, як новы спосаб вызначэння даўгаты паўплываў на бяспеку мараплаўцаў або адказаць, што агульнага ў Ісландыі і самага аддаленага астэроіда сонечнай сістэмы. Трохі разбавілі напружанне і ўпрыгожылі паўзы жывыя выступленні салістаў Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.

Барацьба за лідэрства працягвалася аж да апошняга тура. Усё вырашыў этап-аўкцыён, з магчымасцю падваення ачкоў за правільны адказ або страты ў выпадку няправільнага. У выніку каманда «Міколка-паравоз» Беларускай чыгункі заняла першае месца. Срэбра з разрывам у 3 ачкі пакарылася камандзе «Пегас» ААТ «Мазырскі НПЗ», а бронзу (з адставаннем яшчэ на 2 пункты) павезла ў Брэст каманда «Гексагон» мясцовага філіяла РУП «Белтэлекам».

У студзені 2019 г. найбуйнейшы банк краіны ўжо праводзіў інтэлектуальны турнір «Bright mind» сярод каманд валанцёраў, партнёраў, зорных кліентаў і Дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў. ААТ «АСБ» Беларусбанк» з'яўляецца адным з партнёраў мультыспартыўнага форуму, таму не выпадкова, што галоўным прызам карпаратыўнага турніру «Bright mind 2.0» сталі білеты на спаборніцтвы II Еўрапейскіх гульняў і памятныя сувеніры.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2019 год