Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

Language
Чым Вам дапамагчы?

Беларуская чыгунка адпраўляе навагодні турыстычны цягнік у маёнтак Дзеда Мароза

14 снежня 2018

14 снежня са станцыі Мінск-Пасажырскі адправіцца першы «Навагодні экспрэс» ў маёнтак Дзеда Мароза ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча». Праект арганізаваны Турыстычным цэнтрам «Дартур» Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі. Святочны цягнік, які складаецца з купэйных вагонаў, будзе дастаўляць турыстаў у госці да Дзеда Мароза 21, 23 і 28 снежня бягучага года і 2, 4, 6, 11 студзеня 2019 года.

Цягнік будзе адпраўляцца са станцыі Мінск-Пасажырскі ў 21:50 і прыбываць у Брэст раніцай наступнага дня ў 07:40, адкуль турыстаў даставяць у Белавежскую пушчу на камфартабельных аўтобусах. Там госці правядуць цэлы дзень. Падарожнікаў чакае насычаная навагодняя экскурсійная праграма: яны наведаюць маёнтак беларускага Дзеда Мароза, убачаць домік Снягуркі, музей падарункаў «Скарбніца», чароўны калодзеж і ветраны млын, змогуць загадаць жаданне на Паляне казак і атрымаць навагодні падарунак ад самога Дзеда Мароза. У праграму тура таксама ўваходзіць знаёмства з музеем прыроды, шпацыр уздоўж вальераў з жывёламі і пачастунак блінамі з гарбатай на пушчанскіх травах. Назад у сталіцу з Брэста навагодні цягнік адправіцца, а 17:50 і прыбудзе ў Мінск, а 22:15, у дарозе пасажыраў чакаюць конкурсы ад аніматараў.

У бягучым навагоднім сезоне «Дартур» плануе арганізаваць 8 навагодніх цягнікоў.

Акрамя гэтага 22 снежня Дзіцячая чыгунка імя К.С. Заслонава адкрывае праект «Навагодні экспрэс».

Святочны цягнік будзе курсіраваць у дні зімовых канікул, калядных і навагодніх святаў з 22 снежня па 7 студзеня. Першы ў гэтым сезоне цягнік, кіраваны юнымі чыгуначнікамі, адправіцца з перона станцыі Заслонава 22 снежня ў 11.00.

Дзіцячая чыгунка запрашае мінчан і гасцей сталіцы здзейсніць незабыўнае падарожжа па снежаньскім лесе. На станцыі Сасновы Бор будзе арганізавана тэатралізаванае прадстаўленне, падрыхтаванае Мінскім Палацам культуры і спорту чыгуначнікаў. Дзеці сустрэнуцца з казачнымі героямі, Дзедам Марозам і Снягуркай, прымуць удзел у навагодніх конкурсах і гульнях.

Білеты на «Навагодні экспрэс» ужо ў продажы. Іх можна набыць на станцыі Заслонава Дзіцячай чыгункі (Праспект Незалежнасці, 86). Кошт білета складае 17 беларускіх рублёў. Тэлефон для даведак — 267 25 22. Адрас у інтэрнэце: http://www.minsk.rw.by./social_sphere/children_railway/.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2018 год