Беларуская чыгунка палепшыць якасць сувязі ў цягніках міжрэгіянальных, рэгіянальных і гарадскіх ліній
07 жніўня 2018
У рамках падрыхтоўкі да II Еўрапейскіх гульняў 2019 года Беларуская чыгунка палепшыць якасць мабільнай сувязі і забяспечыць бесправадной доступ у інтэрнэт у электрацягніках міжрэгіянальных і рэгіянальных ліній бізнес-класа і гарадскіх ліній.
7 жніўня 2018 г. Беларуская чыгунка і тэлекам-аператар velcom прадставілі ўнікальнае для Беларусі тэхнічнае рашэнне сувязі для пасажырскіх цягнікоў. Новая распрацоўка дазваляе адначасова забяспечыць пасажыраў як бясплатным інтэрнэт-доступам па тэхналогіі Wi-Fi, так і ўстойлівай мабільнай 3G-сувяззю пры любой хуткасці руху цягніка.
У цяперашні час новае камбінаванае рашэнне запушчана ў пяцівагонным электрацягніку ЭПР рэгіянальных ліній бізнес-класа. Ва ўсіх вагонах цягніка былі ўстаноўлены пункты доступу Wi-Fi, якія падлучаны да маршрутызатара з бесправадным мадэмам. Усталяванае ўзмацняльнае абсталяванне рэтранслюе атрыманы ад базавых станцый сігнал 3G-сеткі праз пракладзены ў вагонах выпраменьвальны кабель. А для паляпшэння прыёму сігналу як сістэмы Wi-Fi, так і ўзмацняльнікаў сігналу выкарыстоўваюцца спецыяльныя антэны, устаноўленыя на даху цягніка.
Тэхнічная распрацоўка velcom дазваляе забяспечыць устойлівую мабільную сувязь у цягніках нягледзячы на металічныя сценкі вагонаў, якія дрэнна прапускаюць сігнал, высокую хуткасць руху цягнікоў і аддаленасць ад базавых станцый. Скарыстацца бясплатным Wi-Fi у цягніках Беларускай чыгункі змогуць абаненты ўсіх мабільных аператараў, у тым ліку і замежных, у прыватнасці, гэта тычыцца гасцей міжнароднага спартыўнага форуму. Для гэтага пасажырам неабходна будзе прайсці рэгістрацыю праз партал аўтарызацыі, а пасля — атрымаць код доступу з дапамогай SMS на ваш нумар мабільнага тэлефона.
Плануецца, што да пачатку II Еўрапейскіх гульняў гэта тэхнічнае рашэнне будзе разгорнута яшчэ ў 17-ці электрацягніках міжрэгіянальных і рэгіянальных ліній бізнес-класа, а таксама гарадскіх ліній.
Упершыню доступ да сеткі Інтэрнэт па тэхналогіі Wi-Fi у цягніках Беларускай чыгункі быў арганізаваны 2 гады таму. 3 жніўня 2016 г. па маршруце Мінск—Гомель пачалі курсіраваць сямівагонныя электрацягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класа ЭПМ. Цяпер падарожжа паміж двума найбуйнейшымі гарадамі краіны займае менш за 3 гадзіны. Беларуская чыгунка моцна працуе ў супрацоўніцтве з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь і мабільнымі аператарамі краіны над паляпшэннем якасці пакрыцця ўздоўж асноўных участкаў магістралі.
«Доступ да бесправаднога інтэрнэту ў цягніках Беларускай чыгункі і якаснай сувязі з'яўляюцца важным складальнікам сэрвісу для пасажыраў, разам з бяспекай, камфортам і скарачэннем часу ў шляху, — падкрэсліў намеснік начальніка пасажырскай службы Беларускай чыгункі Аляксандр Казачок, — Акрамя таго, павышэнне якасці сувязі дазволіць аптымізаваць спадарожныя тэхналогіі і сэрвісы, забяспечыўшы ўстойлівую работу прылад кантролю пасадкі пасажыраў, продаж квіткоў праз інтэрнэт, безнаяўныя разлікі ў цягніках, а таксама якасную сувязь са спецыялістамі Кантакт-цэнтра па адзіным нумары 105, у тым ліку, за кошт паляпшэння пакрыцця мабільнай сеткі ўздоўж чыгуначных пуцей».
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. Больш за 4 тысячы спартсменаў разыграюць 201 камплект медалёў. Атлеты з усёй Еўропы будуць змагацца ў 23 дысцыплінах, якія прадстаўляюць 15 відаў спорту. На мерапрыемстве чакаецца каля 18 тысяч афіцыйных удзельнікаў.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2018 год