Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

На Беларускай чыгунцы падвялі вынікі фотаконкурсу «Мая родная Беларусь з акна цягніка»

13 ліпеня 2017

Ва Ўпраўленні Беларускай чыгункі падвялі вынікі рэспубліканскага фотаконкурсу «Мая родная Беларусь з акна цягніка», прысвечанага 155-годдзю Беларускай чыгункі. Ён быў арганізаваны з мэтай павышэння іміджу беларускай магістралі, выхавання ў грамадзян Рэспублікі Беларусь пачуцця патрыятызму і любві да сваёй Радзімы, яе гістарычнай і культурнай спадчыны, павагі да чалавека працы, а таксама захавання для будучых пакаленняў дакументальных фотаматэрыялаў.

Фотаконкурс праводзіўся па чатырох намінацыях «Беларусь ты мая сінявокая…» (тэма прыроднага багацця і архітэктурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь), «Гісторыя і традыцыі» (тэматыка архітэктурнай і гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, а таксама тэматыка гераічнага мінулага Рэспублікі Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны), «Мы славім цябе — чалавек працы!» (працоўныя будні работнікаў розных прафесій, у тым ліку работнікаў Беларускай чыгункі, пры выкананні імі службовых абавязкаў), «Беларуская чыгунка. З стагоддзя XIX — у стагоддзе XXI» (чыгуначная тэматыка, звязаная з гісторыяй Беларускай чыгункі, якая адлюстроўвае этапы яе станаўлення і развіцця, пачынаючы з XIX стагоддзя (развіццё і ўкараненне новых тэхналогій, абсталявання, збудаванняў, рухомага саставу, супастаўленне тэхналогій мінулага і сучаснасці).

Усяго на конкурс былі прысланы каля 200 работ. Праявіць свае магчымасці маглі як аматары фотасправы, так і прафесіяналы ў гэтай сферы. Камісію па падвядзенні вынікаў узначаліў намеснік Начальніка Беларускай чыгункі Пётр Стоцкі. У склад журы, акрамя прафесійных фатографаў магістралі ўвайшоў і вядучы фотакарэспандэнт Беларускага тэлеграфнага агенцтва Раміль Насібулін.

У выніку ў намінацыі «Беларусь ты мая сінявокая…» першае месца заняла работа намесніка начальніка станцыі Калядзічы Андрэя Ясько «Брама ў нябёсы». Другое месца камісія прысудзіла рабоце інжынера Беларускага навукова-даследчага і праектнага інстытута нафты Міхаіла Аконішнікава «Туманамі». На трэцім месцы — работа архітэктара Вадзіма Здаравеннава пад назвай «Вечар на возеры».

У намінацыі «Гісторыя і традыцыі» лепшай прызнана работа майстра лакаматыўнага дэпо Баранавічы Уладзіміра Бурбіцкага «Вы далі нам магчымасць жыць! Паклон Вам нізкі, ветэраны!». Другое месца заваяваў электрамеханік КІП сувязі Лідскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Андрэй Кузняцоў. Назва яго здымка — «Тры пакалення дынастыі Гаўрылавых».

У намінацыі «Мы славім цябе — чалавек працы!» першае месца журы прысудзіла інжынеру-механіку Магілёўскага вагоннага дэпо Захару Мядзведзеву. Яго праца называецца «З чыгункай — па дарозе». Другое месца ў слесара-інструментальшчыка Магілёўскага вагоннага дэпо Міхаіла Новікава з работай «На нашай дарозе жалезнай часам працуюць рукі пяшчотныя».

У намінацыі «Беларуская чыгунка. З стагоддзя XIX — у стагоддзе XXI» перамогу атрымаў прафесійны фатограф з Брэста Аляксей Ганчук з работай «У стагоддзе скорасцей». На другім месцы інжынер-тэхнолаг лакаматыўнага дэпо Баранавічы Дзмітрый Фёдараў і яго здымак пад назвай «Я — неба».

Фотаработа стралка стралковай каманды на станцыі Гомель-цотны Сяргея Зіновенка «Актыўныя у працы — актыўныя ў адпачынку!» была ўдастоена спецыяльнага прыза журы.

Беларуская чыгунка віншуе пераможцаў і дзякуе ўсім тым, хто прыняў актыўны ўдзел у конкурсе.

Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца ва Ўпраўленні Беларускай чыгункі напярэдадні прафесійнага свята Дня чыгуначніка.


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2017 год