Беларуская чыгунка правяла шэраг мерапрыемстваў у рамках Беларускага транспартнага тыдня
09 кастрычніка 2014
8 кастрычніка на транспартным форуме з поспехам прайшла міжнародная канферэнцыя «Стратэгія развіцця чыгуначных грузавых перавозак на еўра-азіяцкім рынку транспартных паслуг у 2015 годзе». Яе ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі адміністрацый чыгунак, экспедытарскіх арганізацый, грузаўладальнікаў краін СНД, Еўрасаюза, дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь. У адкрытым фармаце абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння з удзельнікамі рынку транспартных паслуг, прыцягнення дадатковых грузапатокаў на чыгункі. Усяго ў рабоце канферэнцыі прыняло ўдзел больш за 90 чалавек.
9 кастрычніка ў канферэнц-зале Упраўлення Беларускай чыгункі адбыўся круглы стол «Беларуска-латвійскае ўзаемадзеянне ў галіне транспартнай лагістыкі». У сустрэчы прынялі ўдзел міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак, міністр зносін Латвійскай Рэспублікі Анрыйс Маціса, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Латвіі ў Беларусі Міхаілс Папкоўс, кіраўнікі чыгуначных адміністрацый дзвюх краін, прадстаўнікі транспартнага бізнесу. Удзельнікі круглага стала прадставілі свой патэнцыял, абмеркавалі магчымасці партнёрства. Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў распавёў аб асноўных складальніках грузавых перавозак, развіцці сумесных праектаў, у прыватнасці, цягнікі камбінаванага транспарту «ZUBR», перспектывах электрыфікацыі стыкавых участкаў. ДАА «Латвійская чыгунка» — адзін з найважнейшых партнёраў Беларускай чыгункі. У студзенi—жніўні бягучага года грузавыя перавозкі на беларуска-латвійскім напрамку склалі 20,8 млн. т, што перавысіла ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года на 9,1%. У агульным аб'ёме міжнародных перавозак па БЧ доля Латвіі складае трэць усяго грузаабароту.
Па выніках сустрэчы бакі падпісалі шэраг дакументаў аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2014 год