Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Дэлегацыя Беларускай чыгункі прыме ўдзел у пленарным пасяджэнні XLII сесіі Нарады Міністраў Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак (АСЧ), якое пройдзе 5—6 чэрвеня ў Вільнюсе

04 чэрвеня 2014

Сесія Нарады Міністраў АСЧ з'яўляецца вышэйшым кіруючым органам АСЧ і вызначае ключавыя напрамкі дзейнасці Арганізацыі.

Дэлегацыю Беларускай чыгункі ўзначаліць Начальнік чыгункі Уладзімір Марозаў.

У рабоце XLII сесіі прымуць удзел дэлегацыі краін — членаў АСЧ ад Азербайджана, Балгарыі, Венгрыі, В'етнама, Казахстана, Кітая, КНДР, Латвіі, Літвы, Малдовы, Манголіі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Славакіі, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны, Чэхіі і Эстоніі, а таксама прадстаўнікі Міжнароднага саюза чыгунак (МСЧ), Міжнароднага камітэта па чыгуначным транспарце (ЦІТ), Еўрапейскай камісіі і Каардынацыйнага савета па транссібірскiх перавозках (КСТП).

Парадкам дня XLII сесіі Нарады Міністраў АСЧ прадугледжаны разгляд актуальных пытанняў па далейшым развіццi чыгуначнага транспарту краін удзельніц АСЧ.

 

На абмеркаванне сесіі таксама выносіцца пытанне распрацоўкі Канвенцыі аб прамых міжнародных чыгуначных зносінах, ўзгадненне шэрагу дадаткаў да гэтага дакумента, сярод якіх — агульныя палажэнні аб дагавору перавозкі грузаў і пасажыраў у міжнародных зносінах, агульныя палажэнні карыстання грузавымі і пасажырскімі вагонамі пры ажыццяўленні міжнародных перавозак.

Рэалізацыя закладзеных у праект Канвенцыі палажэнняў дасць магчымасць на практыцы ажыццяўляць міжнародныя чыгуначныя перавозкі грузаў і пасажыраў на еўразійскай прасторы ў рамках адзінага прававога поля.

У ходзе пленарнага пасяджэння старшыня Камітэта АСЧ Т.Шозда выступіць з дакладам аб ходзе работы, якая праводзіцца ў ЕЭК ААН, «Да адзінага чыгуначнага права ў агульнаеўрапейскім рэгіёне і еўраазіяцкіх транспартных калідорах».

Таксама парадкам дня сесіі прадугледжваецца зацвярджэнне комплексных змяненняў і дапаўненняў у Пагадненне аб міжнародных грузавых зносінах (СМГС) і Службовай інструкцыі да СМГС (СІ да СМГС).

Варта адзначыць, што спецыялісты Беларускай чыгункі прымаюць актыўны ўдзел у працы Пастаянных камісій АСЧ, а кіраўніцтва чыгункі — у сесіях Нарады Міністраў і пасяджэннях Канферэнцыі Генеральных дырэктараў чыгунак.

Дзейнасць Беларускай чыгункі нацэлена на ўмацаванне яе пазіцый на сусветным рынку транспартных паслуг.

У рамках АСЧ распрацоўваюцца канкрэтныя меры, якія прадугледжваюць далейшае развіццё міжнародных чыгуначных перавозак у зносінах Еўропа—Азія—Еўропа з ужываннем рознага транспартнага права. Таксама прымаюцца рашэнні па эксплуатацыйных, тэхнічных і экалагічных аспектах чыгуначнага транспарту. Адным з пытанняў развіцця пасажырскіх перавозак, што вырашаюцца магістраллю ў рамках удзелу ў АСЧ, з'яўляецца ўзаемадзеянне з краінамі Еўропы.

У сферы міжнародных пасажырскіх перавозак Беларуская чыгунка рэалізуе праекты з расійскімі і літоўскімі калегамі. З ААТ «Расійскія чыгункі» — па арганізацыі хуткаснага руху пасажырскіх цягнікоў на кірунку Масква—Мінск—Брэст з прымяненнем сучаснага рухомага саставу вытворчасці кампаніі «Тальго». З літоўскімі калегамі ажыццяўляецца рэалізацыя праекта па арганізацыі хуткасных чыгуначных пасажырскіх зносін паміж Мінскам і Вільнюсам, якім запланавана скарачэнне часу ў руху пасажырскага цягніка з чатырох да двух гадзін. Беларуская магістраль праводзіць работу па аўтаматызацыі працэдур аплаты і афармлення праязных дакументаў на пасажырскія цягнікі .

З 1 чэрвеня 2014 года ўкаранёна паслуга электроннай рэгістрацыі на ўсе цягнікі, якія курсiруюць па маршруце Мінск—Вільнюс. У міжнародных зносінах электронная рэгістрацыя даступная на ўсе цягнікі ў зносінах з Расійскай Федэрацыяй, што едуць без перасячэння межаў іншых дзяржаў, а таксама на цягнік Мінск—Рыга.

На беларускай магістралі самая пільная ўвага надаецца стварэнню спрыяльных умоў для развіцця транспартнай лагістыкі і павелічэння транзітных перавозак.

У рамках супрацоўніцтва беларускай магістралі з АСЧ пры актыўным ўдзеле спецыялістаў Беларускай чыгункі была распрацавана адзіная ўніфікаваная накладная ЦIМ/СМГС, якая дазваляе ажыццяўляць перавозкі на ўсім шляху руху па адной накладной без пераафармлення. Па накладной ЦIМ/СМГС ужо ажыццяўляецца большасць кантэйнерных перавозак праз памежны пераход Брэст—Цярэспаль.

Сёння Беларуская чыгунка, у адпаведнасці з СМГС і яго прыкладаннямі, адкрыта для еўрапейскіх ліцэнзаваных перавозчыкаў праз сухапутныя пераходы на беларуска-польскай мяжы, дзе сканцэнтраваны асноўныя магутнасці перагрузачнай і складской інфраструктур беларускай магістралі.

На базе існуючых прадпрыемстваў Беларускай чыгункі ствараецца разгалінаваная транспартна-лагістычная сетка, ўдасканальваюцца тэхналогіі перавозак грузаў прамымі паскоранымі цягнікамі, перш за ўсё кантэйнернымі .

Беларуская магістраль таксама ўдзельнічае ў рабоце кантактнай групы ЕЖДА/АСЧ, якая створана з мэтай ліквідацыі тэхнічных бар'ераў і аналізу параметраў, якія з'яўляюцца вызначальнымі для захавання тэхнічнай і эксплуатацыйнай сумяшчальнасці чыгуначнай сістэмы каляіны 1520 мм на мяжы СНД—ЕС.

Удзел у рабоце сесіі Нарады Міністраў АСЧ дазволіць Беларускай чыгунцы забяспечыць улік інтарэсаў Рэспублікі Беларусь на міжнародным рынку чыгуначных перавозак; умацаваць яе транзітную прывабнасць; ажыццяўляць узаемадзеянне з членамі АСЧ па аблягчэнні працэдур перасячэння межаў пры ажыццяўленні міжнародных перавозак грузаў і пасажыраў; садзейнічаць стварэнню адзінай чыгуначнай прасторы ў еўраазіяцкiм рэгіёне; удасканальваць міжнароднае транспартнае права ў сферы чыгуначных перавозак; прымаць актыўны ўдзел у міжнародным навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

ДЛЯ ДАВЕДКI:

АСЧ была створана ў 1956 годзе ў г. Сафія (Балгарыя) на нарадзе міністраў чыгуначнага транспарту. Вышэйшы кіруючы орган АСЧ — Нарада Міністраў, на ўзроўні чыгунак — Канферэнцыя Генеральных дырэктараў. Да выканаўчых органаў адносяцца 5 камісій, пастаянныя і часовыя рабочыя групы.

Беларуская чыгунка з'яўляецца членам АСЧ з 1992 года.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2014 год