Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка выканала значную частку будаўнічых работ па электрыфікацыі ўчастка Гомель—Жлобін

13 сакавіка 2014

Беларуская чыгунка паспяхова рэалізуе інвестыцыйны праект па электрыфікацыі чыгуначных ліній на ўчастку Гомель—Жлобін (працягласць — 86 км) з прыцягненнем кітайскіх крэдытных рэсурсаў.

На ўчастку актыўна вядуцца будаўнічыя работы. Ужо ўстаноўлена больш за 50% прадугледжанай колькасці апор кантактнай сеткі, а таксама больш за 60% падмуркаў пад іх. У цяперашні час вядзецца ўстаноўка апор кантактнай сеткі на шэрагу перагонаў і станцый ўчастка Гомель—Жлобін. У тым ліку завяршаецца ўстаноўка апор кантактнай сеткі на станцыях Уза, Касцюкоўка, Буда-Кашалёўская.

Адначасова на ўчастку Гомель—Жлобін вядзецца каблiраванне ўчасткаў паветраных ліній — замена часткі паветраных ліній напружаннем 10 кВ, якія перасякаюць чыгуначнае палатно, на кабельныя лініі, якія праходзяць пад пуцямі. Вядзецца будаўніцтва цягавай падстанцыі Касцюкоўка на станцыі Касцюкоўка і падрыхтоўка да будаўніцтва цягавай падстанцыі Вірская на перагоне Жлобін—Хальч.

 

Таксама пачата будаўніцтва дзяжурнага пункта кантактнай сеткі на станцыі Гомель-Паўночны і падрыхтоўка да будаўніцтва такога ж пункта на станцыі Буда-Кашалёўская.

Плануецца, што мантаж кантактнай сеткі на ўчастку Гомель—Жлобін будзе пачаты ў маі—чэрвені. У цяперашні час пытанне тэрмінаў пачатку мантажных работ абмяркоўваецца ў ходзе тэхнічных перамоў з генеральным падрадчыкам праекта — Кітайскай кампаніяй па экспарце і імпарце электраабсталявання (кампанія CUEC). Як і на раней электрыфікаванымі ўчастку Асіповічы—Жлобін, тут будзе ўжыта сучасная кантактная падвеска, якая забяспечвае хуткасны рух.

Адной з асаблівасцяў рэалізацыі гэтага праекта з'яўляецца тое, што работы па электрыфікацыі праводзяцца на станцыі Гомель — адной з найбуйнейшых на БЧ. Працэс правядзення будаўніча-мантажных работ ўскладняецца наяўнасцю на станцыі вялікага аб'ёму інжынерных сетак і камунікацый.

Усяго на ўчастку Гомель—Жлобін плануецца ўсталяваць больш як 4,8 тыс. апор кантактнай сеткі, пабудаваць 2 цягавыя падстанцыі, 2 дзяжурныя пункты кантактнай сеткі, 3 аўтатрансфарматарныя пункты. Таксама будзе праведзены комплекс мерапрыемстваў па рамонце пуцi, мадэрнізацыі ўстройстваў чыгуначнай аўтаматыкі і сувязі.

Завяршыць электрыфікацыю ўчастка Гомель—Жлобін плануецца ў I квартале 2015 года.

Нагадваем, інвестыцыйны праект «Электрыфікацыя ўчасткаў чыгункі Гомель—Жлобін—Асіповічы і Жлобін—Калінкавічы. 2-я чарга. Участак Гомель—Жлобін «рэалізуецца ў адпаведнасці з дагаворам будаўнічага падраду ад 3 снежня 2012 года, заключаным паміж Беларускай чыгункай і Кітайскай кампаніяй па экспарце і імпарце электраабсталявання, з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў Экспартна-імпартнага банка Кітая.

Дзяржаўнай праграмай развіцця чыгуначнага транспарту Беларусі на 2011—2015 гады прадугледжана электрыфікацыя участкаў Гомель—Жлобін—Асіповічы і Жлобін—Калінкавічы, Маладзечна—Гудагай—Дзяржмяжа, якія ўваходзяць у IX Агульнаеўрапейскі транспартны калідор, а таксама абходаў Мінск — Калодзішчы—Шабаны і Гатава—Міханавічы. Агульная працягласць участкаў, запланаваных да электрыфікацыі ў 2011—2015 гадах, складзе 387 км. У выніку доля электрыфікаваных чыгуначных ліній на беларускай магістралі будзе павялічана да 23%.

У верасні 2013 года быў адкрыты электрыфікаваны ўчастак Жлобін—Асіповічы.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2014 год