Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

Language
Чым Вам дапамагчы?

«Інстытут «Белчыгунпраект» адзначыць сваё 75-годдзе

10 снежня 2013

11 снежня спаўняецца 75 гадоў Дзяржаўнаму прадпрыемству «Інстытут «Белчыгунпраект». Да гэтай даты калектыў інстытута падышоў, асвоіўшы новыя напрамкі даследаванняў і работ у галіне праектавання, назапасіўшы інфармацыйную базу, пашырыўшы дзелавыя сувязі і кантакты.

У самых бліжэйшых планах — развіццё інстытута як інжынірынгавай арганізацыі.

Калектыў прадпрыемства ўносіць свой пасільны ўклад у развіццё Беларускай чыгункі. Галоўнай задачай інстытута з'яўляецца праектаванне аб'ектаў, будаўніцтва якіх будзе забяспечваць бяспеку руху цягнікоў, вырашаць сацыяльна -эканамічныя задачы і рабіць чыгуначную галіну канкурэнтаздольнай, сучаснай, гiбка рэагуючай на запыты часу.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Інстытут «Белчыгунпраект» удзельнічае ў распрацоўцы ўсіх інвестыцыйных праектаў Беларускай чыгункі. Калектыў выкарыстоўвае перадавыя тэхналогіі праектавання, мае выдатную матэрыяльна-тэхнічную базу. Пры гэтым варта адзначыць, што нават геадэзічныя работы праводзяцца з выкарыстаннем высокадакладнага абсталявання і сістэмы спадарожнікавай навігацыі GPS.

Сярод знакавых аб'ектаў праектавання — арганізацыя руху цягнікоў гарадскіх ліній на ўчастку Мінск—Рудзенск. Прайшло крыху больш за месяц з моманту ўрачыстага адкрыцця руху цягнікоў на гэтым участку. Сёння інстытут праектуе ўчастак Мінск—Смалявічы .

Спецыялісты прадпрыемства ўдзельнічаюць у праектаванні такіх найбуйнейшых аб'ектаў як праектаванне завода па вытворчасці пасажырскага электрычнага транспарту ў раёне г. Фаніпаля; будаўніцтва авіярамонтнага завода і арганізацыя пасажырскіх перавозак у Нацыянальны аэрапорт Мінск і інш. Калектыў прадпрыемства непасрэдна ўдзельнічае ў распрацоўцы важнейшага інвестыцыйнага праекта беларускай магістралі па электрыфікацыі чыгуначных ліній.

У красавіку бягучага года завершана электрыфікацыя ўчастка Асіповічы—Бабруйск і адкрыўся рух электрацягнікоў рэгіянальных ліній. У верасні завершана электрыфікацыя ўчастка Бабруйск—Жлобін.

Беларуская чыгунка праводзіць маштабную работу па тэхнічным пераўзбраенні грузавых тэрміналаў. Інстытут выконвае функцыі генеральнага праекціроўшчыка і генеральнага падрадчыка гарадской таварнай станцыі Калядзічы.

Сярод асноўных аб'ектаў можна назваць і транспартна-лагістычны тэрмінал Белмытсэрвісу.

Вынік працы калектыву спрыяе задавальненню патрэб эканомікі краіны і ўкараненню сучасных сістэм кіравання рухам цягнікоў. На гэта накіравана рэалізацыя такіх праектаў, як павышэнне хуткасцяў пасажырскіх цягнікоў у міжабласных зносінах, будаўніцтва пасажырскай тэхнічнай станцыі ў Мінскім вузле, развіццё Цэнтра кіравання перавозкамі.

За апошнія гады створаны падраздзяленнi ў Брэсце і Гомелі, калектыў яшчэ больш пашырыў вобласць выконваемых работ. Разам з прадпрыемствамі Беларускай чыгункі, Міністэрства транспарту і камунікацый, паслугамі інстытута карыстаюцца і такія прадпрыемствы як «Беларуснафта», «Белгіпрадар», «Метропроект», «Палімір» і інш.

Калектыў інстытута вядзе работу па развіцці міжнароднага супрацоўніцтва і нарошчваннi экспарту паслуг. Прадпрыемства ўваходзіць у «Аб'яднанне праектных арганізацый транспартнага комплексу» Расiі, таксама адкрыта прадстаўніцтва інстытута. У далейшым плануецца адкрыць прадстаўніцтва ў Азербайджане.

Развіццё міжнароднага супрацоўніцтва адлюстроўваецца ў рэалізацыі такіх праектаў як рэканструкцыя сартавальнай горкі станцыі Шкiротава ў Латвіі; будаўніцтва новага вагонарамонтнага дэпо ў Калінінградзе; абходная чыгуначная лінія горада Тбілісі, будаўніцтва мікрапрацэсарнай цэнтралізацыі на ўчастку Каўнас—Кібартай (Літоўскай чыгункі) і іншыя.

Зараз у праектным інстытуце працуе звыш 400 чалавек. Гэта 13 вытворчых аддзелаў, дзе працуюць праекціроўшчыкі больш за 30 спецыяльнасцяў.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Інстытут "Белчыгунпраект» мае развітую вытворчую базу, пастаянна абнаўляецца тэхнічнае абсталяванне і аўтаматызуюцца працоўныя месцы праекціроўшчыкаў. Штогод у інстытут прыходзіць больш за 10 маладых спецыялістаў і каля 30% працаўнікоў павышаюць сваю кваліфікацыю.

Гісторыя праектнага інстытута «Белчыгунпраект» вядзе свой ​​адлік з 1938 года, з праектнай канторы ў г. Гомелі колькасцю ў 30 чалавек, з выканання такіх праектаў як развіццё станцый Калінкавічы, Крычаў, абыход праз раку Днепр. У пасляваенныя гады калектыў прадпрыемства распрацоўваў праекты па аднаўленні паравозных дэпо, пунктаў водазабеспячэння, складоў паліва, аднаўленнi і будаўніцтве мастоў, вакзалаў. Пасля распаду Савецкага Саюза рамонтныя базы беларускай магістралі апынуліся за межамі рэспублікі. Калектыў інстытута выконваў праектныя работы па стварэнні ўласных прадпрыемстваў па капітальным рамонце рухомага саставу.

За 75 гадоў на рахунку калектыву прадпрыемства парадку 7000 распрацаваных і паспяхова рэалізаваных праектаў.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2013 год