У снежні споўніцца 50 гадоў электрыфікацыі Беларускай чыгункі
14 лістапада 2013
7 снежня бягучага года споўніцца 50 гадоў з пачатку руху электрацягнікоў на першым электрыфікаваным участку Беларускай чыгункі Мінск—Аляхновічы працягласцю 48 км. З тых часоў было электрыфікавана 900 км чыгуначных ліній, або 16% ад іх агульнага аб'ёму, што дазволіла беларускай магістралі выйсці на якасна новы ўзровень развіцця.
Улічваючы, што перавод цягнікоў на электрацягу дазваляе знізіць сабекошт перавозак, павысіць іх хуткасць і экалагічнасць, сёння на БЧ электрыфікацыі надаецца асаблівае значэнне. Упершыню за апошнія 30 гадоў чыгунка рэалізуе такі маштабны праект як электрыфікацыя ў рамках IX Агульнаеўрапейскага транспартнага калідора участкаў Гомель—Жлобін—Асіповічы і Жлобін—Калінкавічы.
У верасні бягучага года быў адкрыты электрыфікаваны ўчастак Жлобін—Асіповічы.
У цяперашні час вядуцца будаўнічыя работы (ўстаноўка апор кантактнай сеткі) па электрыфікацыі ўчастку Гомель—Жлобін. Працягваюцца праектныя работы па электрыфікацыі ўчастку Жлобін—Калінкавічы.
У 2014 годзе Беларуская чыгунка плануе пачаць будаўнічыя работы па электрыфікацыі двух участкаў — Жлобін—Калінкавічы і Маладзечна—Гудагай—дзяржаўная мяжа.
Дзяржаўнай праграмай развіцця чыгуначнага транспарту Беларусі на 2011—2015 гады прадугледжана электрыфікацыя участкаў Гомель—Жлобін—Асіповічы і Жлобін—Калінкавічы, Маладзечна—Гудагай—дзяржмяжа, якія ўваходзяць у IX Агульнаеўрапейскі транспартны калідор, а таксама абходаў Мінска—Калодзішчы—Шабаны і Гатава—Міханавічы. Агульная працягласць участкаў, запланаваных да электрыфікацыі ў 2011—2015 гадах, складзе 387 км. У выніку доля электрыфікаваных чыгуначных ліній на беларускай магістралі будзе павялічана з цяперашніх 16% да 23%.
З гісторыі:
Пасля ўрачыстага адкрыцця 7 снежня 1963 года руху электрацягнікоў на ўчастку Мінск—Аляхновічы станцыя Аляхновічы стала стыкавай станцыяй двух родаў цягі ў прыгарадным руху. Пасажыры, якiя едуць у Маладзечна, перасаджваліся ў Аляхновічах ў саставы з паравознай цягай.
Ужо ў 1965 годзе пачаліся работы, звязаныя з маючай адбыцца электрыфікацыяй ўчастка Аляхновічы—Маладзечна. 4 снежня 1966 года быў адкрыты скразны рух прыгарадных электрацягнікоў на ўчастку Мінск—Маладзечна.
Электрыфікацыя ліній Мінскага чыгуначнага вузла працягвалася актыўнымі тэмпамі. У студзені 1971 быў адкрыты рэгулярны рух электрацягнікоў на ўчастку Мінск—Пухавічы, а ў лістападзе 1972 — на ўчастку Мінск—Асіповічы. У выніку адчувальна павялічылася прапускная здольнасць на гэтым напрамку.
Завяршальным этапам электрыфікацыі прыгараднага руху ў Мінскім чыгуначным вузле стаў запуск у снежні 1974 электрацягнікоў на ўчастку Барысаў—Мiнск, а ў снежні 1975 года — на ўчастку Мінск—Стоўбцы.
У далейшым былі паэтапна электрыфікаваны ўчасткі Орша—Смаленск, Орша—Барысаў, Стоўбцы—Баранавічы.
У 1983 годзе за рэкордна кароткі тэрмін — 9,5 месяцаў замест запланаваных 2-х гадоў — быў здадзены ў эксплуатацыю электрыфікаваны ўчастак Баранавічы—Брэст працягласцю 200 км. 6 лістапада 1983 г. са станцыі Брэст-Цэнтральны ў Баранавічы адправіўся першы электрацягнік.
22 снежня 1984 у Дзень энергетыка з варшаўскага боку Брэсцкага вакзала адправіўся ў Польшчу на электрацязе першы пасажырскі цягнік «Паланэз».
У 1984 годзе была цалкам скончана электрыфікацыя галоўнага ходу Масква—Брэст з рэканструкцыяй участкаў Беларускай чыгункі пад грузавы рух .
Такім чынам, у перыяд з 1974 па 1984 Беларуская чыгунка правяла электрыфікацыю ўсіх чыгуначных ліній у рамках II Агульнаеўрапейскага транспартнага калідора .
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2013 год