Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Начальнік Беларускай чыгункі прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця прадстаўніцтва ААТ «Расійскія чыгункі» у Рэспубліцы Беларусь

11 кастрычніка 2013

10 кастрычніка ў Мінску адбылося адкрыццё прадстаўніцтва ААТ «Расійскія чыгункі» у Рэспубліцы Беларусь. На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак, прэзідэнт ААТ «Расійскія чыгункі» Уладзімір Якунін, пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў і іншыя афіцыйныя асобы.

 

Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў падкрэсліў, што адкрыццё прадстаўніцтва ААТ «Расійскія чыгункі» у Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца знакавым днём у гісторыі супрацоўніцтва дзвюх чыгунак, і адзначыў значнасць той работы, якую праводзяць беларускія і расійскія чыгуначнікі. ААТ «Расійскія чыгункі» з'яўляюцца стратэгічным партнёрам Беларускай чыгункі ў пытаннях міжнародных перавозак пасажыраў і грузаў, а таксама вытворчага і навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння.

Сёння беларускія і расійскія чыгуначнікі пастаянна абмяркоўваюць і вырашаюць пытанні развіцця грузавых перавозак у зносінах паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, у тым ліку перавозкі грузаў у напрамку Калінінградскай вобласці і яе партоў; рэалізацыі хуткасных пасажырскiх зносін ў напрамку Масква—Брэст—Берлін з выкарыстаннем рухомага саставу «Тальга»; ўзаемадзеяння ў частцы стварэння Аб'яднанай транспартна-лагістычнай кампаніі паміж Беларускай чыгункай, ААТ «Расійскія чыгункі» і АТ «НК «Казахстан тэмiр жалы»; прыняцця ўзгодненых дзеянняў па развіцці інфраструктуры сумежных участкаў чыгунак. Уладзімір Марозаў выказаў надзею, што праца прадстаўніцтва будзе садзейнічаць далейшаму ўзаемавыгаднаму супрацоўніцтву беларускіх і расійскіх чыгунак, у прыватнасці па павелічэнні грузавых перавозак.

«Рашэнне аб стварэнні АТЛК, развіцця хуткасных пасажырскiх зносін праз тэрыторыю Беларусі, стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы дыктуюць неабходнасць, каб у нас былі пастаянныя кантакты з Беларускай чыгункай і Міністэрствам транспарту і камунікацый Беларусі. І гэта, напэўна, будзе адно з самых запатрабаваных прадстаўніцтваў, якія ёсць у РЖД», — адзначыў Уладзімір Якунін падчас цырымоніі адкрыцця.

Гэта адзінаццатае прадстаўніцтва кампаніі за межамі РФ. У цяперашні час офісы РЖД функцыянуюць яшчэ ў дзесяці краінах свету: Венгрыі, Германіі, Кітаі, КНДР, Польшчы, Славакіі, Украіне, Фінляндыі, Францыі і Эстоніі.

Прадстаўніцтва ААТ «РЖД " у Рэспубліцы Беларусь размешчана па адрасе: г. Мінск, праспект Дзяржынскага, 74-129. Прадстаўніцтва ўзначаліў Уладзімір Жарало. З 2004 па 2009 гады ён працаваў Начальнікам Беларускай чыгункі, а з 2009 па 2012 год — намеснікам старшыні пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексу, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2013 год